Павел Вінаградаў: Мне абяцаюць працягнуць тэрмін нагляду

Ля Акрэсціна Паўла Вінаградава сустракаюць 15 чалавек, палова з іх журналісты. З “віпаў” — Някляеў, Дзмітрыеў і Дашкевічы. Міліцыі разы ў два больш. Павел выходзіць з-за жалезнай брамы на некалькі хвілін раней прызначанага тэрміна. Амаль адразу пачынае расказваць пра планы на час хакейнага чэмпіянату.

“Мяркуючы па ўсім, калі ў мяне атрымаецца, я пастараюся з’ехаць у іншы горад, да бацькі. Як не з’еду, то буду, хутчэй за ўсё, тут (ківае галавой на будынак ізалятара). І, хутчэй за ўсё, так і будзе, бо мне збіраюцца працягнуць нагляд. Прынамсі, кіраўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі спадар Лужынскі мне гэта абяцае”.

Афіцыйна тэрмін нагляду ў Вінаградава павінен скончыцца 25 красавіка. Пасля гэтага дня ён зможа вяртацца дадому пазней за 20 гадзін, а таксама свабодна перамяшчацца па краіне і за яе межамі. І не хадзіць больш адзначацца ў міліцэйскі пастарунак. Акурат пасля апошняга такога візіту Вінаградаў і атрымаў 25 сутак арышту. Кажа, што для яго гэта стала сюрпрызам — раней даводзілася сядзець максімум 15.

“Калі я не памыляюся, некалькі гадоў таму некаму з палітычных давалі 25 сутак. Але нават не памятаю каму… Я другім стаў”.

Вінаградаў расказвае, што большасць сакамернікаў мела значна меншыя тэрміны, хоць сядзелі яны не за бруднае слова ў публічным месцы (Паўла прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыі і лаянцы) — збольшага крадзяжы ды хуліганства. Прычыны такога працяглага тэрміна Павел назваць не можа. Кажа, што сам шмат думаў пра гэта, але лагічнай і абгрунтаванай прычыны назваць не можа: “Нехта там зверху прыдумаў, што я павінен зараз сядзець 25 сутак, а не 15, вось суддзя і дала 25”.

Расказвае новавызвалены Павел і пра пазітыў. За амаль месяц адсідкі яму давялося удасканаліць размоўную англійскую падчас знаёмства з былым форвардам магілёўскага “Дняпра” Мадзіба Сідзібэ, які чакае на Акрэсціна дэпартацыі ў родны Нігер. А таксама французскую, калі трапіў у адну камеру з цемнаскуым грамадзянінам невядома якой краіны, спатрэбілася знакамітая фраза пра “жо не манж па сіс жур”.

У цэлым, Вінаградаў кажа, што з кожным годам і нават месяцам сядзець на Акрэсціна становіцца ўсё больш камфортна. А пасля дазволу на прадуктовыя перадачы (5 кілаграмаў раз на тры дні) можна нават паправіцца.

Павел Вінаградаў з жонкай Святланай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі