Пазняк: Нямцова знішчылі, каб забойства Саўчанкі пакінуць у цені (відэа)
Беларускі палітэмігрант, кіраўнік КХП-БНФ пракаментаваў забойства ў Маскве аднаго з лідараў расійскай апазіцыі.
Зянон Пазняк, палітэмігрант, кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ зрабіў заяву з нагоды забойства ў Маскве Барыса Нямцова, аднаго з лідараў расійскай антыпуцінскай апазіцыі (відэазварот, верагодна, быў запісаны ў ЗША).
"Тое, што адбылося такое нахабнае, бесцырымоннае забойства, у цэнтры Масквы, пад сценамі Крамля, вядомага на ўвесь свет чалавека, гэта, з аднаго боку, дэманстрацыя поўнай ігнарацыі міжнароднай супольнасці, дэманстрацыя цынізму, сілы, ўлады: "мы, што хочам, тое і робім". І, маўляў, "плявалі мы на ўсю міжнародную супольнасць". Рэжым адкрыта дэманструе сваю непавагу да чалавецтва", — кажа Зянон Пазняк.
Пазняк перакананы, што гісторыі стане вядома, хто замовіў і выканаў гэтае і іншыя падобныя палітычныя забойствы (Старавойтавай, Юшанкова, Паліткоўскай ды інш. палітычных апанентаў крамлёўскай улады).
Палітэмігрант кажа, што цяпер Крамлём "рыхтуецца і другая смерць — смерць Надзеі Саўчанкі". Пазняк лічыць, што забойства Нямцова, і сітуацыя з украінскай патрыёткай Саўчанкай, якая галадае ў маскоўскай турме і знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, звязаныя паміж сабой.
"У Крамлі, відаць, пралічылі, што калі адбудзецца смерць Надзеі, гэта ўскалыхне свет, — гаворыць у сваёй заяве Зянон Пазняк. — І для іх гэта будзе вельмі негатыўна. І вось вырашылі "забіць двух зайцаў": знішчэнне свайго апанента Барыса Нямцова і перавесці стрэлкі цікавасці, стрэлкі падзеі на гэтую асобу. А падзеі, якая рыхтуецца, забойства Саўчанкі, пакінуць у цені".
Зянон Пазняк перакананы, што расійскія ўлады не пойдуць на адступленне перад галадоўкай Надзеі Саўчанкі: "Яна, відаць, разумела, што ідзе на смерць, бо безсэнсоўна галадаць супраць фашысцкага рэжыму. Бо для яго чалавечае жыццё нічога не значыць", — падкрэсліў кіраўнік КХП БНФ.
"Тое, што зараз адбываецца — гэта выпрабаванне для ўсяго сумленнага чалавецтва. Той, хто яшчэ не разумеў, што адбываецца ў Маскве, што за людзі ў Крамлі, што яны плануюць, павінны на гэтых фактах задумацца і зразумець, што адбываецца", — кажа Пазняк. Ён лічыць, што беларускае і еўрапейскае грамадствы мусяць глыбока асэнсаваць гэтыя падзеі і кансалідавацца "супраць новай небяспекі для цывілізацыі".
"Гэтая небяспека больш страшная, чым гітлераўскі фашызм, таму што Гітлер не валодаў ядзернай зброяй. Гэты валодае і здольны яе ўжыць... Акрамя таго, за часы Гітлера не было тэлебачання. Гэта страшная ідэалагічная зброя прапаганды. І мы бачым, што адбываецца. Той, хто глядзіць рускае тэлебачанне, той перастае адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. Людзі пачынаюць жыць у нейкім віртуальным свеце... Інфармацыйная вайна — гэта злачынства супраць чалавецтва", — адзначыў Зянон Пазняк.
Нагадаем, галадоўку пратэсту ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка аб'явіла ў Лефортаўскай турме ў Маскве 15 снежня 2014-га. Надзеі 33 гады. Яна — афіцэр, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны. У канцы студзеня 2015 года супраць Саўчанкі расіяне распачалі новую крымінальную справу — "за незаконнае перасячэнне мяжы" (сама Саўчанка сцвярджае, што яе захапілі ў палон на Данбасе баевікі і вывезлі ў Расію, дзе перадалі расійскім спецслужбам). Калі 25 лютага Маскоўскі гарадскі суд прызнаў законнасць рашэння Басманнага суда Масквы аб працягненні арышту да 13 траўня, украінка сказала: "Пачынайце, таму што да наступнага паседжання суда я магу не дажыць".
Фота з сацыяльных сетак і AFP