Перад тым, як засесці за новы матэрыял, Re1ikt адыграе на біс альбом “Kufar”

Перад тым, як засесці за новы матэрыял, Re1ikt адыграе на біс альбом “Kufar”

“Перад тым, як грунтоўна засесці за новы матэрыял, працягваем традыцыю граць праграму на біс ― не так шмат нагод існуе, каб выканаць цалкам альбом. Многія з трэкаў даволі складана выканаць жыўцом, таму для нас гэта добры выклік. А для нашых слухачоў добрая магчымасць паслухаць песні, якія мы вельмі рэдка граем на канцэртах”, ― кажа лідар гурта Re1ikt, бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Прэзентацыя дыска з аншлагам прайшла ў сталічным клубе “Бруге” ўзімку. Па выніках мінулага года “Kufar” трапіў у топ-10 вялікага журы партала Experty.by. Адным са сваіх любімых альбомаў яго назваў амерыканскі тэлевядучы Мэт О’Донэл.

Альбом “Kufar” запісваўся ў Польшчы паралельна з лепшым беларускім рок-альбомам 2015 года “Лекавыя травы” (па версіі прэміі Еўрарадыё "Даём рады") і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі “незвычайнага” Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе (напрыклад, стадыённы хіт “Разам” ― гімн футбольнага клуба “Крумкачы”, а таксама джаз-рокавы дуэт “Толькі снег” з саксафаністам “КрамбамбуліПаўлам Аракелянам на словы Янкі Купалы).

Сродкі на выданне альбома, а таксама на здымкі кліпа на песню “Дробненькі дожджык” гурт сабраў па выніку паспяховай краўдфандынгавай кампаніі.

Апроч Мінска, Re1ikt прэзентаваў альбом “Kufar” і ў шэрагу беларускіх гарадоў. Цяпер музыкі “на біс” прадэманструюць размаіты матэрыял кружэлкі ў сталіцы, а таксама парадуюць слухачоў сваімі лепшымі кампазіцыямі і сюрпрызамі, якія пакуль трымаюць у таямніцы.

Канцэрт пройдзе 28 траўня ў TNT Rock Club (вул. Рэвалюцыйная, 9).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі