Першая ўзняла БЧБ-сцяг — факты пра Галіну Сямдзянаву
"Я рэалізавала сябе як чалавек і грамадзянін"
У беларускай гісторыі шмат выбітных жанчын. І гэта не толькі Эмілія Плятэр або Ефрасіння Полацкая, якія жылі стагоддзі таму, але і бадай што нашы сучасніцы. Напрыклад, Галіна Сямдзянава.
Першая ўнесла БЧБ-сцяг
Галіна Сямдзянава была дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі якраз тады, калі развальваўся СССР. Яна актыўна падтрымлівала ідэю незалежнасці нашай краіны і працавала над гэтым як палітычна, так і сімвалічна.
Найбольш вядомы жэст Сямдзянавай — калі яна за дзень да надання Дэкларацыі аб суверэнітэце сілы канстытуцыйнага закона, 24 жніўня 1991-га ўнесла ў залу пасяджэнняў беларускага парламента нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Яна была першая, хто зрабіў гэта.
Беларуска па выбары, а не нараджэнні
Галіна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 года ў Польшчы ў вайсковай сям'і. Па паходжанні ўкраінка, яна з сям'ёй шмат пераязджала. Адвучылася ў палітэху ў Самары, і ў Беларусь пераехала толькі да пачатку 1983-га — у Наваградак. Праўда, бывала тут і раней.
"Я калісьці з бацькамі ў шасцідзесятыя гады жыла ў Баранавічах. Мне давялося пабываць у многіх месцах, але нідзе не было так камфортна, нідзе не адчувала, што дома. Дзіўна, але нават ва Украіне, дзе часта бывала ў дзядулі з бабуляй, такога пачуцця не было. Люблю бываць ва Украіне, але мой дом тут", — казала яна праз шмат гадоў у інтэрв'ю.
Вывучыла беларускую
У 1990-х, змяніўшы мноства работ, Сямдзянаву абралі ў Вярхоўны Савет. Там яна далучылася да апазіцыі БНФ.
Але ўжо абраная дэпутатка не ведала беларускай мовы — і сама вырашыла гэта выправіць. Як узгадвала сама Сямдзянава, дапамагалі слоўнікі і чытанне. І так супала, што падчас путчу яна была ў Крыме і працягвала вывучэнне беларускай. Але давялося тэрмінова вярнуцца.
"Мне даручылі напісаць пастанову аб роспуску КПСС. Памятаю, што калі яго прачытаў Баршчэўскі, то закрычаў: "Братцы, Галіна напісала па-беларуску". З тых часоў я пачала выступаць толькі на беларускай. Гэта, дарэчы, было вельмі цяжка".
Зразумела, што ўлады хлусяць
Галіна Сямдзянава не адразу стала прыхільніцай БНФ. У 1980-х яна была членам КПСС.
"БНФ ненавідзела і меркавала, што гэта фашысцкая арганізацыя, то бок думала ўсё тое, што сцвярджала афіцыйная прапаганда. Ніякіх структур "Фронту" ў Наваградку не было, таму БНФ мной успрымаўся як нешта жудасна жахлівае", — расказвала яна.
Але неўзабаве зразумела, як моцна афіцыйныя СМІ хлусяць і маніпулююць. І, як і праракалі ёй у гаркаме партыі, прыйшла ў выніку да БНФ.
Пасля Вярхоўнага Савета
Пасля таго як Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет і стварыў Палату прадстаўнікоў, нязгодныя дэпутаты працягвалі працу. У тым ліку Сямдзянава, яна ўваходзіла ў сакратарыят ВС 13-га склікання.
Пасля заставалася ў Партыі БНФ, працавала са структурамі партыі, накіроўвалася ад яе ў выбарчыя камісіі.
"Я рэалізавала сябе як чалавек і грамадзянін, прыносіла, як магла, карысць людзям", — казала сама палітык.
Галіны Сямдзянавай, аўтаркі важных заканадаўчых ініцыятыў і таго самага чалавека, які першым прынёс нацыянальны сцяг у парламент, не стала 18 верасня 2011-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.