Пінская міліцыя жорстка “зачысціла” кірмаш ад пенсіянераў (відэа)
Старых, якія гандлявалі садавіной ды гароднінай без неабходных дакументаў, міліцыянты хапалі і закідалі ў машыны.
Аблава на людзей сталага веку, якія прадаюць садавіну, гародніну, ягады і грыбы ля ўвахода на міні-кірмаш “Заходні”, адбылася 7 ліпеня. Міліцыя і раней "ганяла" гандляроў ці папярэджвала іх пра адказнасць за незаконны гандаль. Але на гэты раз выйшла па-іншаму.
На відэа бачна, як праваахоўнікі спрабуюць выдраць зэдлік і торбу з рук дзеда з сівой барадой. Пасля ў міліцэйскі УАЗ запіхваюць дзвюх жанчын. Тыя лямантуюць, у адной з іх з галавы падае касынка, на якую наступае міліцыянт.
Людзі ў форме не зважаюць на мінакоў, якія абураюцца жорсткасцю аблавы. Відэа знятае адной з выпадковых відавочцаў. Па сведчаннях пінчукоў, затрыманыя каля 10 чалавек.
Пінская міліцыя пакуль не каментуе здарэнне. У гутарцы з Еўрарадыё міліцыянты спасылаюцца на тое, што не бачылі відэа, якое знайшоў сайт charter97.org.