Пінскім школьнікам недадавалі абеды з-за карупцыі
У ААТ "Школьнік", якое забяспечвала харчаваннем дзяцей у пінскіх школах, фінансавая міліцыя выявіла масавыя парушэнні, паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю.
Праваахоўныя органы выявілі ў "Школьніку" масавыя парушэнні заканадаўства ў рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, бухгалтарскім уліку (у тым ліку незаконнае налічэнне прэмій, аднаразовых дапамог і іншых выплат дырэктару таварыства).
Галоўны бухгалтар "Школьніка", парушыўшы парадак аплаты працы кіраўнікоў дзяржарганізацый і арганізацый з доляй уласнасці дзяржавы, у 2015-2016 гадах незаконна налічвала дырэктару розныя выплаты. Шкода таварыству ацэньваецца ў 13,2 тыс. рублёў — гэта лічыцца буйным памерам.
Міжрайаддзел Следчага камітэта пачаў па выніках праверкі крымінальную справу. У дзеяннях галоўнага бухгалтара праваахоўнікі бачаць прыкметы перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў.
Цяпер ідзе папярэдняе расследаванне, галоўны бухгалтар затрыманы.
Дарэчы, бюджэт школьнага харчавання строга рэгламентаваны, піша "Ежедневник". І калі арганізацыя, якая займаецца дзіцячым харчаваннем у школах, атрымала буйны ўрон, то дзеці ў пінскіх школах недаатрымалі харчаванне на гэтую суму.