Плошчу перамогі ў Віцебску спешна рыхтуюць да візіту Патрыярха

Рэканструкцыя плошчы Перамогі ў Віцебску ідзе такімі тэмпамі, што савецкі лёзунг “Пяцігодку – ў чатыры гады!” падаецца дзіцячай гульнёй. Плошча будзе найвялікшай у Беларусі, сабраць на ёй змогуць да 300 тысяч чалавек.
Здаецца, толькі ў красавіку тут са скандалам выдзіралі дрэвы унікальнага парку, а кіраўнік Віцебшчыны Аляксандар Касінец даваў загад завершыць рэканструкцыю да 9 мая 2010 года, а ўжо вызначаны новы тэрмін завяршэння – 27 верасня.

Пагнаў будаўнікоў  візіт патрыярха РПЦ Кірыла. Патрыярх мусіць ўзяць удзел ва ўрачыстым адкрыцці рэканструяванай плошчы. Дарэчы, насупраць пляцоўкі днямі павесілі вялізны бігборд з выявай патрыярха. Мабыць, каб будаўнікі адчулі асаблівую адказнасць.

Цяпер на будоўлі занята каля 400 чалавек. Працуюць ад восьмай раніцы да адзінаццаці вечара. Штодня на плошчы збіраецца штаб – гарадское да абласное чынавенства пільна кантралюе працэс. Плошча нагадвае ці то мурашнік, ці то раскіданае гняздо. Але пакрысе становіцца зразумела, як будзе выглядаць самы вялікі пляц ў краіне (плошча яго – болей за 72 тысячы квадратных метраў).



Побач з ямінамі, сметнікамі, будаўнічай тэхнікай там-сям ўжо высадзілі туі. Для тых, хто памятае цяністы парк з канадскімі клёнамі, блакітнымі елкамі, плакучай рабінай, пірамідальнымі таполямі кволыя дрэўцы падаюцца здзекам.



Жыхароў дома №8, які больш вядомы сярод гараджан як “Подзьвіг савецкага народу” з-за надпісу на даху, ня вельмі суцяшае тое, што ім бясплатна памянялі вокны і балконныя блокі, а балконы ашклілі гукаізаляцыйнымі вітражамі.  Ці абароняць тыя вітражы ад шума так, як абяцаюць чыноўнікі, будзе вядома пасля першага ж масавага мерапрыемства.



Падчас жа рэканструкцыі людзі маюць шмат нязручнасцяў: і звонку, і ў двары працуюць будаўнікі, шуміць-грукоча тэхніка, а праход ва двор і далей да пад’ездаў строга рэгламентаваны. На варце стаяць мажныя дзядзькі з надпісам “ЖКГ” на камізэльках і папярэджваюць кожнага – калі вы ня жывяце тут, дык лепей пайшлі б адсюль.





Мінакі з цікаўнасцю зазіраюць праз дзіркі ў агароджы на будоўлю ды гадаюць – паспеюць за тыдзень ці не?  






А вось так выглядаў пляц да напалеонаўскай у размаху рэканструкцыі (Здымак з "Народных навін Віцебска").

Здымкі аўтаркі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі