Польскі ўрад: Мы не будзем набываць электраэнергію ў Астраўцы. Кропка
Польшча не будзе набываць электраэнэргію з Беларускай АЭС, заявіў журналістам упаўнаважаны польскага ўраду па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі, піша выданне BiznesAlert.pl.
“Мы не будзем набываць электраэнэргію ў Астраўцы. Кропка. Кампанія PSE (Польскія электрасеткі) прыступіць да разборкі лініі электраперадачы Беласток — Рось”, — цытуе выданне Пятра Наімскага. Адна з прычынаў — “дэсінхранізацыя энергетычных сістэмаў” краінаў Балтыі, Беларусі і Расіі.
Пры гэтым Польшча падтрымлівае пратэст Літвы адносна будаўніцтва БелАЭС.
“Калі электрастанцыя будзе пабудаваная, то яна павінна адпавядаць усім стандартам бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя», — адзначыў Наімскі.
Беларусь разлічвала прадаваць электраэнергію, якую будзе выпрацоўваць Беларуская АЭС, суседнім краінам. Такая прапанова была зробленая і польскаму боку.
Раней Літва заклікала суседнія дзяржавы не купляць электраэнэргію ў Астраўцы. Літоўскі міністр энергетыкі Рокас Масюліс звяртаўся да ўрадаў Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі з прапановай абмеркаваць, ці варта купляць электраэнергію ў трэціх краінах, якія будуюць небяспечныя АЭС.