Польскія перавозчыкі хочуць заблакаваць мяжу з Беларуссю
Польскія перавозчыкі хочуць заблакаваць мяжу з Беларуссю
Польскія перавозчыкі і фермеры плануюць перакрыць адзіны шлях грузаперавозак з Беларусі ў Польшчу. Як піша MOST, яны падалі ў адміністрацыю гміны Цярэспаль заяўку на акцыю пратэсту на трасе №68 у раёне Карошчына.
Удзельнікі акцыі плануюць цягам месяца прапускаць па ключавой трасе па адным грузавіку ў гадзіну. Для беларускіх транспартных кампаній гэта можа пацягнуць страты на сотні мільёнаў еўра. Яны ўжо рыхтуюць петыцыю на адрас польскіх уладаў, патрабуючы не дапусціць блакавання дарогі.
На польска-беларускай мяжы цяпер дзейнічае толькі адзін пункт пропуску грузавога транспарту — "Кукурыкі-Казловічы". Ад яго аўтамабілі ідуць па трасе №68. Пратэстоўцы плануюць вывесці на дарогу 10 седлавых цягачоў і 10 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Меркаваная колькасць удзельнікаў акцыі — ад 10 чалавек да дзвюх тысяч. Пратэст павінен пачацца а 8-й гадзне раніцы 26 лютага і працягнуцца да 31 сакавіка ўключна.
Узгадненне акцый у Польшчы мае паведамляльны прынцып. Але ўдзельнікі абавязаныя не парушаць заканадаўства, у тым ліку забароненая поўнае блакаванне дарог. Таму арганізатары і заявілі, што будуць прапускаць грузавікі паводле раскладу — адна машына ў гадзіну ў кожны бок. Абмежаванні не закрануць транспарт, які перавозіць жывых жывёл, а таксама супрацоўнікаў памежнай і спецыяльных службаў.
Арганізатары акцыі патрабуюць вярнуцца да сістэмы выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарту на ўкраінскіх і малдаўскіх нумарах. Таксама яны хочуць, каб у Польшчы забаранілі рэгістрацыю транспартных кампаній з украінскім, беларускім і расійскім капіталам. Гэты бізнес, маўляў, кепска ўплывае на стан польскіх перавозчыкаў. Акрамя таго, пратэстоўцы патрабуюць абмежаваць увоз збожжа і плодаагародніннай прадукцыі з Украіны, а таксама адтэрмінаваць увядзенне мер еўрапейскай аграпалітыкі.
Раней польскія вытворцы пачалі блакаду на мяжы з Украінай, не прапускаючы адтуль больш таннае збожжа.
Дарэчы, летась польскія дальнабойнікі ўжо ладзілі падобную акцыю на мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.