Польскія ўлады хочуць выдаць ЗША рэжысёра Рамана Паланскага

Польскія ўлады хочуць выдаць ЗША рэжысёра Рамана Паланскага

Рэжысёр Раман Паланскі павінен быць дэпартаваны з Польшчы ў ЗША, дзе яго чакае суд па справе аб сэксуальных стасунках з непаўналетняй у 1977 годзе. Пра гэта заявіў лідар партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі. Партыя перамагла на выбарах у польскі сойм. На думку палітыка, Паланскі не павінен пазбегнуць адказнасці толькі таму, што з’яўляецца сусветна вядомым кінарэжысёрам.

Суд вынесе рашэнне наконт экстрадыцыі 82-гадовага Рамана Паланскага 30 кастрычніка, паведамляюць замежныя СМІ. Але нават калі рашэнне будзе станоўчым, гэта не азначае, што рэжысёра арыштуюць і адправяць у ЗША. Ён мае двайное польска-французскае грамадзянства і жыве ў Парыжы. Тым не менш вердыкт аб экстрадыцыі перашкодзіць Паланскаму прыехаць у Польшчу, дзе ён планаваў здымаць свой новы фільм.

Крымінальны пераслед рэжысёра працягваецца з 1977 года. У Злучаных Штатах яго абвінавачваюць у сэксуальных стасунках з Самантай Геймер, якой на той момант было 13 гадоў. Па версіі абвінавачвання, рэжысёр даў пацярпелай шампанскае і наркотыкі і пасля гэтага прымусіў да сэксу.

У 1977 годзе Паланскі прызнаў сябе вінаватым і пагадзіўся на псіхіятрычнае абследаванне ў турэмным шпіталі, аднак затым ён уцёк з ЗША, не дачакаўшыся канчатковага вердыкту. Прычынай уцёкаў стала атрыманай інфармацыя, нібыта суддзя можа адмяніць здзелку з правасуддзем і пасадзіць яго ў турму на вялікі тэрмін. Паводле амерыканскіх законаў, у выпадку ўцёкаў фігуранта справы прынцып даўніны злачынства на яго не распаўсюджваецца.

У 2009 годзе Паланскага арыштавалі ў Цюрыху і змясцілі пад хатні арышт. У 2010 годзе ён быў вызвалены, бо швейцарскія ўлады прынялі рашэнне не выдаваць яго Амерыцы.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі