Чаму адмянілі крэдыты на жыллё і што будзе з коштамі на кватэры?

“Беларусбанк” і “Белаграпрамбанк” спыняюць выдачу крэдытаў на жыллё, якія банкі прапаноўвалі пад 35 і 33,5% адпаведна.

Застаюцца толькі крэдыты для льготных катэгорый, а таксама працягваецца фінансаванне, адкрытае раней. Да канца мінулага года многія прыватныя банкі таксама фінансавалі набыццё ці пабудову нерухомасці пад 35-40% гадавых, але і яны закрылі крэдытныя партфелі.

Узяць крэдыт на жыллё цяпер можна толькі ў "БПС-сбербанку", але пад 60% (гэты крэдыт падаражэў з 41% да 60%).

У прыватнай размове з Еўрарадыё адзін з прадстаўнікоў банкаў заўважае, што час, калі крэдыты вернуць, не вядомы. Пры кожным банку ёсць антыкрызіснае ўпраўленне, і калі па эканамічных паказчыках бачна, што ад гэтай паслугі лепей адмовіцца, тады банк ці прыкрывае крэдыт, ці адмаўляецца ад яго.

Некаторыя эканамісты звязваюць закрыццё крэдытных ліній з тым, што Нацбанк рэкамендаваў не нарошчваць крэдытныя партфелі да 1 лютага. Магчыма, пасля гэтай даты крэдыты вернуцца.

Чаму крэдытаванне адмянілі, Еўрарадыё тлумачыць незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў.

Па яго меркаванні, сітуацыя з адменай крэдытаў прагназуемая і нечым нагадвае ўвядзенне камісіі на набыццё валюты. Мера, каб знізіць нагрузку на золатавалютныя рэзервы краіны і не разагнаць інфляцыю.

“У дзяржавы мала грошай, а калі грошы будуць друкаваць, значыць разгоніцца інфляцыя, якая і так высокая. Цяпер стараюцца абмежаваць крэдыты, бо будзе расці інфляцыя, яна і так даволі высокая два гады запар — каля 20%. Няма рэсурсаў у дзяржавы. За кошт чаго будуецца? Тым даюць, у гэтых здымаюць, так і будуюцца некаму кватэры”.

Таксама спецыяліст ўпэўнены, што сітуацыя можа павярнуцца так, што крэдыты не вернуцца цягам некалькіх гадоў.

“Мы ўпаўзлі ў такую яму, якая можа цягнуцца некалькі гадоў! Пабяднелі мы! Гэта адбылося не за адзін год. У 2011 годзе была дэвальвацыя. Яна панізіла заробкі людзей на 14%. Краіна некалькі гадоў жыла не па сродках, мы больш спажывалі, чым выраблялі. І гэта была спроба выраўняць сітуацыю. І толькі гэта адбылося, як па патрабаванні прэзідэнта зноў пачалі падымаць заробкі. З 2011 года да сярэдзіны 2014 заробкі выраслі амаль на паўтара разы! А эканоміка вырасла ўсяго на 2%”.

Як закрыццё крэдытаў скажацца на сітуацыі на рынку жылля?

Дырэктар цэнтра нерухомасці “БелЦНТ” Мікалай Прасталупаў кажа Еўрарадыё, што карэнным чынам нічога не зменіцца:

“Мы ўжо недзе два-тры гады так жывем. Вельмі цяжка назбіраць 100 тысяч долараў на набыццё кватэры, а вось назбіраць 15 тысяч долараў і памяняць аднушку на двушку — гэта магчыма. Няма дурняў браць крэдыт пад такія працэнты, якія большыя, чым ва ўсёй Еўропе! Таму карэнным чынам гэта ніяк не адаб’ецца на рынку жылля”.

Што будзе з коштамі на кватэры?

Цяпер кошт квадратнага метра ў Мінску ў сярэднім роўны 1570 доларам за квадратны метр.

Святлана Кудзелка, намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці “Твая сталіца”, тлумачыць, ці паўплывае знікненне крэдытаў на сітуацыю з продажам і набыццём кватэр:

“Можна сказаць, што кошты на кватэры адзінамомантна праіндэксаваліся пасля 19 снежня, яны ўпалі прыкладна на 3%. А цяпер гэта не скажацца на сітуацыі карэнным чынам. Як і ў мінулым годзе, так і ў гэтым, крэдыты застаюцца для беларусаў недаступнымі і вельмі дарагімі. Толькі 5-7% людзей прыходзіла да нас з крэдытамі. А так, людзі крэдытаваліся часткова, да прыкладу, прадавалі кватэру за 50 тысяч долараў, а бралі крэдыт на 20 тысяч долараў. Гэта было прасцей. Цікава, што цяпер людзі выстаўляюць на продаж кватэры, і на іх знаходзяцца пакупнікі. Мы думалі, што колькасць званкоў зменшыцца, але гэтага не адбылося”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі