Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі выступіла з заявай: пераслед павінен спыніцца
Прадстаўніцтва Еўрасаюза ад імя краін ЕС, якія прадстаўленыя ў Мінску, а таксама ад імя амбасадаў ЗША, Вялікабрытаніі і Швейцарыі выступіла з сумеснай заявай з нагоды хвалі пераследу ў Беларусі праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў.
"Беларускія ўлады працягваюць узмоцнены пераслед грамадзянскай супольнасці краіны, — гаворыцца ў заяве. — Гэта павінна спыніцца... Гэта непрымальна".
Дыпламаты перакананыя, што "беларусаў пераследуюць за рэалізацыю сваіх фундаментальных правоў падчас мірных пратэстаў супраць выбараў у жніўні 2020 года, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і супраць жорсткасці з боку праваахоўных органаў, якая працягваецца". Яны нагадваюць пра "сотні палітычна матываваных судовых працэсаў". "Беларусаў пазбаўляюць самых базавых правоў, уключаючы права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на чалавечнае абыходжанне ў зняволенні", — цытата з заявы.
Дыпламаты заклікаюць улады Беларусі "неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых". Яны нагадваюць, што "толькі дэмакратыя, павага да правоў чалавека, вяршэнства права і свабодныя і справядлівыя выбары, якія паважаюць дэмакратычную волю народа Беларусі, могуць гарантаваць стабільную, суверэнную і квітнеючую будучыню Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.