Прадстаўнік паліцыі Арменіі не прыедзе на 100-годдзе беларускай міліцыі
Запланаваны візіт намесніка начальніка паліцыі Арменіі Вардана Егіазарана ў Мінск не адбудзецца, піша panorama.am. Егіазаран мусіў 2-5 сакавіка ўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах з нагоды 100-годдзя беларускай міліцыі.
7 лютага прэм'ер-міністр Арменіі Карэн Карапяцян падпісаў рашэнне аб камандзіроўцы аднаго з кіраўнікоў паліцыі ў Беларусь. Але 9 лютага гэтае рашэнне адмянілі.
Хутчэй за ўсё, прычынай стала сітуацыя з блогерам Аляксандрам Лапшыным, якога 8 лютага Беларусь выдала Азербайджану. Блогера з ізраільскім, расійскім і ўкраінскім грамадзянствам вінавацяць у незаконным наведванні Нагорнага Карабаха — без дазволу афіцыйнага Баку. У Азербайджане Лапшыну пагражае да васьмі гадоў турмы.
У Ерэване 8 лютага адбыўся пікет насупраць беларускай амбасады. Армянскія дэпутаты прапанавалі беларускаму амбасадару пакінуць краіну. Да таго ж у Арменіі гучаць прапановы выключыць Беларусь з АДКБ.