Прадзюсар “Мы, браты”: Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія!

Прадзюсар “Мы, браты”: Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія!

Тыдзень у мінскіх кінатэатрах ідзе беларуска-амерыканскі блакбастар “Мы, браты”. Еўрарадыё наведала стужку, стварэнне якой суправаджалася скандаламі, двойчы: прэм’еру і першы паказ у шырокім пракаце. Карціна не спадабалася не толькі нам, нават “СБ: “Беларусь сегодня” напісала крытычны матэрыял.

Еўрарадыё дало магчымасць прадзюсару фільма Сяргею Ждановічу выгаварыцца. Як выявілася, версія, якую мы бачым у кінатэатрах, — гэта зусім не тое, што замаўляў Мінкульт. Ды і круцяць стужку ў кінатэатрах, не спадзеючыся на касавыя зборы.

“Мы запусцілі фільм у шырокі пракат для таго, каб яго змаглі паглядзець усе, хто не змог трапіць на прэм'еру ў кінатэатр "Масква", — тлумачыць Ждановіч і кажа, што цяпер кампанія-праваўладальнік “Нонстоп Медыя” вядзе перамовы з расійскім бокам наконт камерцыйнага пракату стужкі на тэрыторыі Расіі. А той невялікі прыбытак, які паступае з продажу квіткоў з беларускіх кінатэатраў, ідзе ў дзяржаўную казну.

Сяргей Ждановіч пакрыўджаны на журналістаў, якім не спадабаўся фільм. Прадзюсар лічыць, што, па-першае, “гэтыя 15 чалавек” зайздросцяць, а па-другое, пераследуюць мэту ачарніць тое добрае, што робіцца ў Беларусі. Прадзюсар перакананы, што ўсе мы наўмысна хаваем ад чытачоў вельмі важныя рэчы, якія тычацца стварэння стужкі, каб занізіць яе значнасць. Магчыма, маналог прадзюсара некаму дапаможа разабрацца ў хітраспляценнях фільма і дазволіць зразумець самога мастака.

Прадзюсар “Мы, браты”: Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія!

1. “У нас замова была па кантракце з Міністэрствам культуры на 176 хвілін. І мы зрабілі 176 хвілін яшчэ ў 2014 годзе і вельмі паспяхова здалі ў архіў у горад Дзяржынск. 176 хвілін — гэта серыял на 4 серыі. Гэтую версію, замоўленую Міністэрствам культуры, мы абавязкова пакажам па цэнтральных каналах Расіі і Беларусі. Але спачатку мы хочам пракаціць па ўсім свеце поўны метр, які мы зрабілі за свае грошы, каб прасунуць Беларусь за межы рэспублікі, каб фільм пайшоў у сусветны пракат. Для гэтага мы пераклалі стужку на англійскую мову”.

2. “На пачатку праекта нас спрабавалі ўпакаваць у нейкі фанцік палітычнай замовы. Але заўважце, цяпер, калі прайшоў паказ, ніхто не кажа, што гэта палітычная замова. Ужо пачынаюць іншыя нюансы вышукваць. Мне незразумела, гэтыя 15 чалавек, якія бамбяць гэты чорны піяр, што яны адчуваюць? Хаця матывацыя зразумелая — зрабіць усё так, што нібыта ў краіне нашай усё кепска. Не! Вось тут вы памыляецеся: усё можна рабіць, можна супрацоўнічаць з дзяржаўнымі структурамі — я маю на ўвазе і Міністэрства культуры і адміністрацыйныя рэсурсы, пры ўмове, калі рабіць сваю працу шчыра”.

3. “Вільям Дэвіталь (рэжысёр фільма) правільна сказаў: "Што такое крытыка? Крытыка мусіць аб'ектыўна ацэньваць дзве грані. Напрыклад, нам не падабаецца тое і тое. Добра. А што вам падабаецца?”. А тое, што гэты фільм успрыняты ў Амерыцы, у Еўропе, тое, што ён у Кітаі пойдзе, Японіі… 40 краін. Больш за 40 краін! Гэта што, значыць, што ў нас фільм не зусім зразумелы? Ды зразумелы ён! Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія і выразна прасочваецца ад пачатку да канца?! Больш за тое, вы параўноўваеце фільм з нейкімі амерыканскімі блакбастарамі. Дык гэтыя блакбастары маюць бюджэты ў 100, 150, 200, 250 мільёнаў долараў! Вы кажаце, што фільм зняты за 2 мільёны — гэта таксама падман! Таму што ён здымаўся за беларускія рублі, і калі ўзяць сярэдні курс, гэта мільён дзвесце долараў. Па курсе — мільён дзвесце! Таму што з намі разлічваліся ў некалькі этапаў. І фінальны разлік быў 28 снежня 2014 года”.

Прадзюсар “Мы, браты”: Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія!

4. “З 2012 года, колькі на замову Міністэрства культуры было зроблена фільмаў? Пакажыце, дзе гэтыя фільмы! Дагэтуль не было беларускіх фільмаў, якія б пайшлі ў камерцыйны пракат за межы Беларусі, апроч, натуральна, Расіі. Дарэчы, пасля фільма "Мы, браты" кампанія “Нонстоп медыя” зняла два поўнаметражныя і маштабныя фільмы — гэта "Пёс рыжы" (гісторыя пра сабакаў-знішчальнікаў танкаў, знятая Вільямам Дэвіталем). І фільм "Любімы горад" — гісторыя пра танкіста Калабанава, экіпаж якога ў адзіночку здолеў расстраляць 20 фашысцкіх танкаў, абараняючы Піцер. Наша кампанія шмат здымае. Цяпер у Амерыцы мы здымаем некалькі фільмаў кароткага метру. А неўзабаве ў Беларусі адкрыем сваю кінаакадэмію… Да таго ж мы ўдзельнічаем у здымках у тым ліку і арт-хаўсу. Напрыклад, мы бралі ўдзел у стварэнні драмы “Киноальманах “Свидетели”, якая складаецца з трох навел: “Туфельки”, “Скрипка” і “Брут”.

5. “Паводле дамовы з Мінкультам, “Нонстоп медыя” мае эксклюзіўныя правы на дыстрыбуцыю фільма цягам 5 гадоў, і мы планамерна ідзем да рэалізацыі гэтых дамоваў”.

6. “Гледачы пішуць нам на пошту, тэлефануюць. У кінатэатры “Масква” падышла жанчына і сказала: "Я асабіста была ў той момант, калі здарылася трагедыя ў метро. Але так, як вы гэта перадалі... Дзякуй вам, за тое, што вы ўвекавечылі гэтую трагедыю”. Яна плакала і не хавала сваіх пачуццяў і эмоцый. Але ў такіх людзей вы ніколі не возьмеце інтэрв'ю… Ці ў Пінску была прэм'ера. Там былі людзі з царквы, людзі розных канфесій. Яны сказалі, што па-іншаму паглядзелі гэты фільм, а не так, як пісалі ў інтэрнэце, і ўбачылі глыбокі духоўны складнік. Студэнты сказалі, што чулі пра Каіна і Авеля, але не ведалі, што там за гісторыя. Але гэтыя дзеці адкрылі Біблію і пачыталі яе. Калі прачытаеш гісторыю ў Бібліі, адразу становіцца зразумелым наш фільм — чаму адбылося братазабойства... А ваша крытыка павярхоўная — вы крытыкуеце трукі… хаця наўрад ці калі-небудзь тут будуць такія трукі за такія грошы. Вы крытыкуеце Наташу Алам. Ну прывязіце Наташу Алам, здыміце Эрыка Робертса… А на фэйсбуку віншаванні ад амерыканскіх акцёраў — Энтані Дэлона, Эрыка Робертса і іншых — думаеце я ім праплаціў гэтыя каментары?”

Прадзюсар “Мы, браты”: Як можна крытыкаваць фільм, у якім цытуецца Біблія!

7. “Думаеце, я не ведаю памылкі ці нюансы, якія існуюць? Я больш за ўсіх ведаю. Калі б у мяне былі магчымасці, фінансавыя ў тым ліку, я б яго па-іншаму зняў. Калі б спачатку мы здымалі поўны метр, тады, натуральна, Раман Макушаў пісаў бы сцэнар пад поўны метр. Але заданне ж было 4 серыі — серыял! Натуральна, што ў серыяле вы ўбачыце значна больш шырокія лініі, якія выразаныя з поўнага метру”.

8. “15-га я злятаю ў Амерыку. І сенсацыя ў тым, што мы рыхтуемся да American Film Market, таксама мы прайшлі кваліфікацыю на некалькі конкурсаў і фестываляў. Напэўна, будуць гаварыць, што я там усіх купіў і ўсім праплаціў… Але я ж кажу, нават калі фільм пройдзе па 40 краінах, атрымае ўзнагароды на фестывалях і заробіць грошы, вы ўсё адно будзеце пісаць пра яго кепска…”

Што ж, чакаем узнагародаў фільма “Мы, браты” на кінафестывалях. Еўрарадыё пра гэта абавязкова напіша! Абяцаем!

Фота са старонкі фільма на Фэйсбуку

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі