Пракуратура Бабруйска занялася падрыхтоўкай хакейных брамнікаў
Пракуратура Бабруйска зацікавілася падрыхтоўкай брамнікаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па хакеі з шайбай "Бабруйск-Арэна". Нагодай стаў калектыўны зварот бацькоў выхаванцаў, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Бацькі палічылі, што навучальна-трэніровачны працэс у школе наладжаны не належным чынам.
Пракуроры правялі праверку і выявілі "недахопы пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў з боку кіраўніцтва спартыўнага клуба, рэалізацыі кадравай палітыкі, правядзенні навучальна-трэніровачных мерапрыемстваў. Гэта сярод іншага адбілася на выніках і дасягненнях камандаў хакейнай школы".
Як прыклад прэс-служба Гепракуратуры называе недастатковую падрыхтоўку хакейных брамнікаў. Таксама гаворыцца, што толькі часткова выконваліся паказчыкі развіцця хакейнага клуба, зацверджаныя Бабруйскім гарвыканкамам і ўзгодненыя Федэрацыяй хакея.
Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнутыя тры службовыя асобы ГУ "Хакейны клуб "Бабруйск". А для навучэнцаў арганізавалі неабходную падрыхтоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.