Пракурор запрасіў для фігурантаў "справы 17-ці" агулам 220 гадоў
Набліжаецца да завяршэння самая гучная справа аб распаўсюджванні наркотыкаў у Беларусі. Яе разглядае Мінскі гарадскі суд. У панядзелак, 14 лістапада, пракурор папрасіў для фігурантаў "справы 17-ці" агулам 220 гадоў. Для асноўнага фігуранта — Канстанціна Вілюгі — ён папрасіў 20 гадоў пазбаўлення волі. Для былога супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Вераценскага — 15 гадоў, яго калегі Ігара Карыцкага — 14 гадоў, для былога аператыўніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Канстанціна Дзенісевіча — 14 гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамляе БелаПАН, пракурор просіць суд пазбавіць Карыцкага і Вераценскага звання маёра КДБ, а Дзенісевіча — звання падпалкоўніка міліцыі. Для дзяўчыны Вілюгі Ірыны Семянякі, грамадзянкі Расіі, дзяржабвінаваўца просіць 18 гадоў пазбаўлення волі.
Па версіі следства, Канстанцін Вілюга 5 гадоў таму стварыў краму LegalMinsk па продажы курыльных сумесяў і псіхатропаў (іх прывозілі з Расіі) і кіраваў ім да лістапада 2014 года, пакуль яго не затрымалі. Галоўны фігурант і яго саўдзельнікі маглі зарабіць на наркотыках прыкладна 1,6 млн долараў.
Большасць абвінавачаных, у тым ліку Канстанцін Вілюга, сваёй віны не прызналі. Яны настойваюць на тым, што прадавалі толькі дазволеныя на той момант рэчывы.