Праверкі па факце смерці штангіста ў “Стайках” вядуцца 10-ы месяц

Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта скончыў праверку па факце недарэчнай смерці цяжкаатлета Яўгена Шрамко.

Нагадаем, што трагедыя здарылася ў алімпійскім комплексе “Стайкі” сёлета ў лютым.

Перад смерцю атлет паскардзіўся блізкаму сябру на вельмі дрэннае самаадчуванне: высокі ціск і кружэнне галавы. У той жа час Рэспубліканскі цэнтр спартовай медыцыны паведамляе, што да іх урачоў з падобным скаргамі “майстры спорту па цяжкай атлетыцы не звярталіся”. 

Следчыя разбіраліся, ці маглі непрафесійныя дзеянні медыкаў пацягнуць цяжкія наступствы.

"У дзеяннях урача, які быў на месцы ў “Стайках” ― там парушэнняў не выяўлена, — каментуе вынікі праверкі Дзмітрый Сярчэня, намеснік начальніка Мінскага РАСК. — Але было прынята рашэнне праводзіць праверку ў спартыўнай школе, дзе займаўся Яўген Шрамко. У яго было сардэчнае захворванне. Трэба глядзець на дзеянні ўрачоў, як яны дапускалі спартсмена да трэніровак і спаборніцтваў".

Такім чынам, матэрыялы праверкі перадалі ў аддзел Следчага камітэта па Кастрычніцкім раёне Мінска, дзе знаходзіцца спартыўная школа.

“Матэрыялы прыйшлі у канцы лістапада. Вывучыўшы іх, мы прызначылі дадатковыя экспертызы”, — кажа афіцыйны прадстаўнік Упраўлення СК па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Яўген Шрамко лічыўся абсалютна здаровым атлетам. Хлопец пераносіў моцныя нагрузкі, рыхтуючыся да чэмпіянату Беларусі, і марыў трапіць на першынство Еўропы.

Яўген памёр у сне.  

Першапачаткова праверку праводзіў Мачулішчанскі аддзел міліцыі. Там вінаватых не знайшлі і крымінальную справу не распачалі. Нібыта смерць спартсмена ў алімпійскім комплексе — нармальная з'ява. З гэтай нагоды Еўрарадыё звярнулася ў пракуратуру Мінскага раёна, дзе міліцэйскую пастанову прызналі незаконнай. Праверкі ад моманту смерці Яўгена Шрамко вядуцца ўжо дзясяты месяц. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі