Прайшла паліграф. Ціханоўская пра памылкі пры прызначэнні і звальненні Зарэцкай
Таццяна Зарэцкая на канферэнцыі "Новая Беларусь"
Святлана Ціханоўская пракаментавала медыйны скандал вакол экс-"міністаркі фінансаў" Аб'яднанага пераходнага кабінета Таццяны Зарэцкай. Інтэрв'ю з ёю апублікавала "Зеркало".
Па словах Ціханоўскай, Зарэцкая прайшла праверку паліграфам. Перад прызначэннем Кабінет атрымаў станоўчыя водгукі пра яе ад МЗС Эстоніі (менавіта там Зарэцкая развівае стартап Laava Tech).
Таксама лідарка дэмсілаў пацвердзіла, што на сумоўі з Зарэцкай не прысутнічалі эканамісты. Што яе бізнесы перад прызначэннем не праходзілі сур'ёзную праверку. І што некалькі іншых кандыдатаў адмовіліся ад прапанаванай пасады. А прадпрымальніца, насупраць, "праявіла энтузіязм і зацікавілася".
Само па сабе прызначэнне Зарэцкай у Кабінет Ціханоўская не лічыць памылкай. За два месяцы на пасадзе міністарка праводзіла перамовы з партнёрамі, удзельнічала ў складанні бюджэта і фінансавага плана працы. Гэтыя напрацоўкі Кабінет плануе выкарыстоўваць.
"Нашай памылкай было тое, як мы рэагавалі, як мы камунікавалі падчас гэтага крызісу. Памылкай было таксама, што недастаткова кансультаваліся з экспертнай супольнасцю. Памылкай было тое, што Таццяна, відаць, адказала не на ўсе пытанні, і гэта дало глебу для абвінавачанняў. Гэта ўрок. Мы вынеслі гэты ўрок, прызнаем памылкі і працягваем працу", — падсумоўвае лідарка беларускіх дэмсілаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.