СМІ: Прэзідэнт Чэхіі з’явіўся на публіцы п’яным (відэа)
У сеціве з’явілася відэа, на якім бачна, што Мілаш Зэман заўважна хістаецца, ён няўважлівы і надоўга заплюшчвае вочы.
Гэта былі афіцыйныя кадры, зробленыя ў часе наведвання кіраўніком Чэхіі музеяў Пражскага Града 9 траўня. Прысутныя на мерапрыемстве журналісты адразу зрабілі выснову, што Зэман знаходзіцца ў нецвярозым стане. Амаль адразу з’явілася версія, дзе прэзідэнт мог закласці за каўнер: перад наведваннем музеяў Зэман святкаваў Дзень Перамогі ў расійскай амбасадзе.
Аднак прэс-сакратар канцылярыі Пражскага града Хана Бурыянава патлумачыла стан прэзідэнта кепскім самаадчуваннем: ён прастудзіўся. Яна падкрэсліла, што Зэман пачуўся кепска яшчэ 9 траўня і ўсё ж прыняў у той дзень удзел у цырымоніі адкрыцця Кароннай палаты ў храме святога Віта, дзе захоўваюцца чэшскія каронныя рэгаліі.
З хваробай кіраўнік Чэхіі будзе змагацца ў хатніх умовах. Мяркуецца, што ў панядзелак ён ужо будзе здаровым і бадзёрым, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.