Прэзідэнт Германіі звярнуўся да Лукашэнкі і нагадаў яму пра адказнасць
Франк-Вальтэр Штайнмайер / AFP
У Германіі памятаюць пра беларускіх палітвязняў, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака і многіх іншых. Пра гэта напярэдадні казаў прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваёй прамове, прысвечанай людзям, якія з-за сваіх поглядаў апынуліся ў турме або былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, піша Deutsche Welle.
"Мы ведаем, што ўмовы ўтрымання ў турме цягам месяцаў становяцца ўсё горшымі і ўсё больш жорсткімі, што зняволеныя не атрымліваюць дастатковай медыцынскай дапамогі, што яны не маюць доступу да адвакацкай дапамогі і ўжо некалькі месяцаў не бачылі знаёмых асоб", — заявіў Штайнмаер, закрануўшы сітуацыю ў Беларусі. Ён таксама звярнуўся "з выразным пасланнем на адрас кіраўніка Лукашэнкі", адзначыў, што беларускі рэжым нясе адказнасць за жыцці палітвязняў.
"Мы не адводзім погляд. Мы не забываем Марыю Калеснікаву, і Максіма Знака, і ўсіх астатніх!" — падкрэсліў нямецкі прэзідэнт.
Нагадаем, восенню 2020 года Марыя Калеснікава адмовілася пакідаць тэрыторыю Беларусі. Пры спробе гвалтоўна вывезці яе з краіны яна парвала на мяжы пашпарт. Праз год — восенню 2021 года — каардынатару штаба Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года Марыі Калеснікавай прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі, а юрысту штаба Бабарыкі Максіму Знаку — 10 гадоў. Па стане на 24 жніўня 2023 года праваабаронцы прызналі палітвязнямі ў Беларусі 1486 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.