Марыю Калеснікаву ў рэанімацыі ахоўваюць трое, адзін — з аўтаматам

Марыя Калеснікава / Еўрарадыё, архіўны здымак
Марыя Калеснікава / Еўрарадыё, архіўны здымак

Палітзняволеная Марыя Калеснікава застаецца ў рэанімацыі гомельскага шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі, у хірургічную палату яе пакуль не перавялі, перадае Радыё "Свабода".

Як распавядала Еўрарадыё, 29 лістапада стала вядома, што Калеснікаву, якая адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, шпіталізавалі. Яна перанесла аперацыю. Пра стан Марыі нічога не вядома, адваката да яе пакуль не дапусцілі.

Адна з крыніц "Свабоды" расказала, у якіх умовах трымаюць палітзняволеную: "Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзялення, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калеснікаву ахоўваюць трое. Двое ўнутры палаты, і адзін з аўтаматам звонку, каля дзвярэй".

Дактары не даюць ніякіх каментароў. Для пацыентаў-вязняў у хірургічным аддзяленні шпіталя ёсць спецыяльная палата з кратамі і месцам для канвойных. Але Калеснікаву туды пакуль не перавялі.

Прэс-служба Віктара Бабарыкі ўдакладняе, што Марыю прывезлі ў цяжкім стане. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яе прабадная язва. Аднак афіцыйна паведамляць дыягназ дактары адмаўляюцца.

У палату да Марыі не пусцілі ні адваката, ні бацьку, які прыехаў у Гомель.

Размовы з дактарамі адбываюцца ў прысутнасці супрацоўнікаў МУС. Па словах лекараў, аперацыя прайшла планава і паспяхова, але Марыя ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане.

У верасні 2020-га Калеснікава парвала свой пашпарт, каб яе не выслалі з Беларусі. Яе судзілі разам з юрыстам Максімам Знакам закрытым судом і прысудзілі 11 гадоў калоніі.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі