Простыя рэчы. Мы спыталі беларусаў, што яны пакінулі або прадалі перад ад'ездам

Амаль усе нашы суразмоўцы кажуць, што не прывязваюцца да матэрыяльнага. Але ўсё роўна сумуюць па рэчах, якія пакінулі дома / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Амаль усе нашы суразмоўцы кажуць, што не прывязваюцца да матэрыяльнага. Але ўсё роўна сумуюць па рэчах, якія пакінулі дома / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы папрасілі беларусаў у эміграцыі пагаварыць пра матэрыяльнае і расказаць пра рэчы — вялікія і маленькія, — якія яны пакінулі дома.

Усе нашы суразмоўцы перш за ўсё ўспаміналі не рэчы, а родных і сяброў, якіх пакінулі ў Беларусі. Улюбёныя гарады і іх івэнты — якіх, зрэшты, стала менш.

Але потым успаміналі пра карціны, якія не ўдалося забраць з сабой, паказвалі фота улюбёнага кубка ў кветачку або матацыкла, які давялося прадаць. А хтосьці сумуе па цэлай кучы пласцінак або кніг, таму што ўсе гэтыя маленькія артэфакты — напамін пра дом. Або пра тое, што ў цябе пакуль няма дома.

А па чым сумуеце вы?


 

Аляксей

Сумуе па пласцінках. Але думае, што Віктар Бабарыка сумуе па сваіх яшчэ мацней

Дома Аляксея чакае калекцыя пласцінак, якая важыць каля 150 кілаграмаў! Наш суразмоўца кажа, што туга па пласцінках — не самая вялікая праблема гэтых дзён. Але расказаць пра калекцыю згаджаецца.

— Больш за ўсё я сумую па сваёй музычнай калекцыі. У Мінску засталося больш за 500 вінілавых пласцінак. На тыя грошы, якія я на іх патраціў, можна было б купіць аўтамабіль. З іншага боку, ну, быў бы ў мяне аўтамабіль. Але ж мне не было б чаго ў ім везці!

 

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
"Калі б я мог вывезці з Мінска толькі адну пласцінку, я б узяў пласцінку гурта "Аўкцыён", якую яны выпусцілі ў 1989 годзе ў Францыі" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Я збіраў гэтыя пласцінкі сем гадоў. Нядаўна пабываў у краме, з якой пачаў калекцыянаванне. Першай пласцінкай, якую я купіў, была пласцінка гурта The Cure — як мне тады здавалася, найлепшае, што я знайшоў у краме. Тады я яшчэ не ведаў, дзе і як буду слухаць яе — у мяне не было тэхнікі.

Калі б я мог вывезці з Мінска толькі адну пласцінку, я б узяў пласцінку гурта "Аўкцыён", якую яны выпусцілі ў 1989 годзе ў Францыі. Яна называецца "Як я стаў здраднікам". Я б з задавальненнем паслухаў яе.

Я трымаюся і пакуль не купляю новыя пласцінкі. Музыка на носьбітах займае месца, а ў мяне пакуль не такі палац, дзе я мог бы сабе гэта дазволіць. Але мяне гэта не хвалюе, пакуль слухаю музыку ў навушніках.

Гэта не самае сур'ёзнае абмежаванне. Думаю, я не так моцна пакутую ад немагчымасці паслухаць свае пласцінкі, як Віктар Бабарыка, у якога 3-4 тысячы пласцінак у калекцыі. Ці, напрыклад, Андрэй Янушкевіч, які прыносіў свае пласцінкі на працу ў выдавецтва, каб слухаць іх усім калектывам.


 

Кацярына Раецкая

Сумуе па копіі Маціса, якую падарылі на дзявочніку, графіцы Славука, партрэтах Чэхава і Джагера

Кацярына Раецкая разам з мужам Дзянісам Дудзінскім з'ехала з Мінска каля года таму. Дома чакае калекцыя карцін.

— Я заўсёды была інтравертам, таму па сваім доме, кватэры, у якой мы жылі, сумую пастаянна — па паху дрэва, па святле ў акенцы, якое ў 16.00 на Аўтазе кладзецца вельмі своеасаблівым чынам, па водары бэзу, які даносіцца з двара.

Спачатку я думала, што больш за ўсё буду сумаваць па кнігах, у нас іх вельмі шмат, і я ніколі не жыла ў памяшканнях, дзе няма вялікай бібліятэкі. Дома ў мамы, у маім дзіцячым пакоі і ўжо ў дарослым жыцці я заўсёды была пры сваёй кніжнай калекцыі. Больш за тое, са звычкай у любы момант зняць кнігу з паліцы і зверыцца са слоўнікам, прайграць у памяці некалькі радкоў з вершаў Цвятаевай або Высоцкага альбо паглядзець альбом з рэпрадукцыямі.

Але з часам высветлілася, што я больш за ўсё сумую па творах мастацтва: карцінах, якія ёсць у нас дома, і прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва розных краін (масках, статуэтках, упрыгожаннях).

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
У кватэры Кацярыны Раецкай і Дзяніса Дудзінскага / citydog

Дома засталася графіка Валерыя Славука, "Грушы" Дашы Сямёнавай, партрэты Чэхава (яго любіць Дзяніс) і Міка Джагера (яго люблю я) ад мастака Дзяніса Еўціхіева. Копія карціны Маціса "Чырвоныя рыбкі", якую мне падарылі на вясельным дзявочніку, карціна "Рыбакі і кветачніцы", прывезеная з Цэнтральнай Амерыкі, і мноства аматарскіх мініяцюр.

 

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
"Але з часам высветлілася, што я больш за ўсё сумую па творах мастацтва" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Як высветлілася, я вельмі прывыкла жыць у асяроддзі не проста прыгожага, але і таго, што запаўняе ўнутраную пустэчу, прыцягвае погляд і заахвочвае да разважанняў.

Ірына

Сумуе па матацыкле, які давялося прадаць, каб былі грошы на пераезд

Ірына ўпершыню села на матацыкл у 13 гадоў. А год таму ёй давялося прадаць яго, каб былі грошы на першыя месяцы жыцця ў Варшаве.

— Матацыкл купіў у мяне знаёмы. Заплаціў грошы і дазволіў катацца да самага ад'езду. Думаю, ён і купіў яго толькі каб мне дапамагчы, таму што правоў у яго не было.

 

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
Я вельмі любіла проста ехаць, ехаць, ехаць куды вочы глядзяць, без мэты / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Дачка Ірыны напісала на асфальце "Жыве". Пасля гэтага пачаліся паходы на камісію па справах непаўналетніх. Дзве камісіі прайшлі — на трэцюю вырашылі не хадзіць.

— Сама я была і ў штабе Бабарыкі, і ў штабе Ціханоўскай, і ў "Сходзе", і ў партыі "Разам". Так што купілі білет у Польшчу ў адзін канец.

У Варшаве новага матацыкла ў мяне пакуль няма. Але як толькі вернецца звыклы даход, абавязкова куплю. Я вельмі любіла проста ехаць, ехаць, ехаць куды вочы глядзяць, без мэты.


 

Яўгенія

Сумуе па кубку ў кветачкі, з якога піла ў дэкрэце

Яўгенія грала ў аркестры. Гэтай вясной яна з'ехала з Беларусі, з рэчаў узяла з сабой толькі скрыпкі. Рэчаў, якія засталіся дома, не шкада. Сумуе толькі па ўлюбёным кубку.

 

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
"Усё, што можна, піла з гэтага кубка" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

— Усё, што можна, піла з гэтага кубка. Купіла яго ў Мінску — боўталася па вакзале ў чаканні бацькоў. Убачыла і здзівілася: якія прыгожыя рэчы ў нечаканых месцах.

Самая актыўная фаза жыцця кубка прыпала на мой дэкрэт. У дэкрэце звычайна п'еш ці ясі нешта, пакуль дзіця спіць. І я піла з яго ўсё што можна: гарбату, каву з малаком, каву са спецыямі. Гляджу на гэтае караценькае відэа і ўспамінаю спакой тых дзён. Чытанне і адпачынак. 

Цяпер мы з сям'ёй жывём у Гданьску. Вырашылі паспрабаваць перабрацца ў Польшчу з паўгода таму, але канец лютага надаў планам паскарэнне. Бралі мінімум рэчаў. Калі не лічыць маіх скрыпак, то я не прывязаная да матэрыяльнага. Прынамсі, я так думала.

А цяпер думаю, што ў Гданьску было б цяплей з улюбёным кубкам і ўлюбёным халацікам з Балі, падораным сяброўкай.


 

Марыя

Сумуе па цэлай кучы кніг, для якіх не паспела купіць кніжную шафу

Марыя думала, што з'язджае з Беларусі на тры месяцы. На сёння яна ўжо больш за год не была дома. Ніякіх "мілых дробязяў" з сабой не возіць, а з рэчаў сумуе толькі па кнігах.

— Дома ў мяне засталася цэлая куча кніг. Я памятаю, што гэта "куча", але зусім не памятаю, якія менавіта. Я хацела паставіць дома вялікі стэлаж і любавацца, радавацца факту валодання гэтым багаццем.

Дом там, дзе ёсць твае кніжкі. Пакуль, на жаль, я вяду вандроўны лад жыцця. Але ў перспектыве хацела б вывезці ўсе свае кніжкі з Беларусі, паставіць іх у бяспечнае месца і быць упэўненай, што нечаканым гасцям у маім будучым доме Някляеў напэўна спадабаецца. А не так, як у Беларусі.

Простыя рэчы. Мы спросили белорусов, что они оставили или продали перед отъездом
"Нечаканым гасцям у маім будучым доме Някляеў напэўна спадабаецца. А не так, як у Беларусі" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Калі шчыра, я не хвалююся праз адсутнасць сваіх кніжак тут, таму што паспела накупляць новых. Жудасна, але мне спатрэбіўся для гэтага другі чамадан! Я не купляла лішнюю вопратку, каб для іх хапіла месца.

Цяпер у мяне ёсць "Шчыгол" Донны Тарт на англійскай, кнігі па мастацтве і фатаграфіі. Увогуле, я назбірала кніг ужо на вялікую паліцу. І не планую спыняцца! У кожным новым горадзе, краіне, музеі я хутчэй іду да кніжак.

Наогул гэта ўсё, што мяне цікавіць, у астатнім я мінімалістка. А кніжкі я буду вазіць за сабой, нават калі давядзецца грузіць іх у фуру. Я буду вазіць іх, пакуль у мяне не з'явіцца дом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі