“Пры жаданні можна знайсці не 35, а 135 вартых заняць пасаду прэм’ера”

Крэсла пад прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам хістаецца і хутка ён можа застацца без пасады, папярэджвае кіраўніка ўрада кіраўнік краіны. Але адразу супакойвае людзей: у яго сёння ёсць 35-40 вартых гэтай пасады прэтэндэнтаў.



Ці сапраўды ў краіне столькі патэнцыйных прэм’ераў, які кіраўнік ураду нам сёння патрэбны і ці ёсць ідэальны кандыдат на гэту пасаду, Еўрарадыё цікавіцца ў эканамістаў.



Калі Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе людзей са сваёй сённяшняй “калоды” чыноўнікаў, то там няма нікога, вартага дзеючага прэм’ер-міністра, упэўнены Яраслаў Раманчук.



Яраслаў Раманчук: “Трэба шукаць зусім у іншых колах — і тады можна не 35, а 135 знайсці. Трэба тады толькі акрэсліць: што патрабуецца ад гэтага чалавека, пад што абіраецца новы прэм’ер-міністр? Пад тое ж самае, што было, ці пад нешта новае?”



У залежнасці ад адказу на гэтыя пытанні прэтэндэнтаў можна падзяліць на дзве групы. У першай будуць маладыя псеўдарэфарматары, якім даручаць рабіць ілюзію рэформ і пад гэтую ілюзію выбіваць новыя крэдыты ў МВФ. У другой групы прэтэндэнтаў будуць іншыя задачы.



Яраслаў Раманчук: “Калі трэба будзе мацней закручваць гайкі, каб не разбэсціўся электарат, тады адказ на пытанне: “Хто будзе прэм’ерам?” — трэба шукаць у сілавых міністэрствах, сярод старых сяброў Аляксандра Лукашэнкі. Такіх аксакалаў, як спадар Якабсон, альбо — Шпілеўскі, альбо — ціхі, але эфектыўны згодна з практыкай і традыцыямі вертыкалі Шэйман”.



Але сёння нам трэба не выканаўца, а самастойны прэм’ер, упэўнены Раманчук. Гэта, паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, павінен быць эканаміст-прафесіянал, тэхнакрат, які павінен мець права фармаваць свой урад і каб кіраўнік краіны не лез у яго працу. І называе таго, хто мог бы стаць такім “ідэальным прэм’ерам”.



Яраслаў Раманчук: “Я б, напрыклад, сёння прызначыў спадара Заіку. Чалавек адказны, мае рэпутацыю, можа сказаць “не”, не будзе гнацца за палітычнай пасадай, можа сфармаваць урад прафесіяналаў-тэхнакратаў, ён мае вельмі добрую крэдытную гісторыю”.



Але, расчароўвае, Заіка — аўтсайдар, чалавек з крытычным падыходам да наменклатуры і дзеючай улады. Такога нават на пасаду віцэ-міністра не паклічуць.



Калі задачы прэм’ера будуць абмяжоўвацца выкананнем рашэнняў, прынятых у “іншым органе ўлады”, то ад персаналіі новага прэм’ера мала што залежыць, згодны з калегам і фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб. Таму названая кіраўніком краіны лічба патэнцыйных прэтэндэнтаў рэальная. І нават называе імёны двух з "калоды", хто можа замяніць Мясніковіча.



Вадзім Іосуб: “Напэўна, можна назваць міністра Снапкова; любы з сёння працуючых намеснікаў старшыні Нацбанка, мяркуючы па тым, што яны кажуць, напэўна маглі б справіцца з гэтай роляй. Калі б яны сапраўды маглі нешта зрабіць”.



У “калодзе” ў Лукашэнкі не 35-40, а ўсяго некалькі асоб, вартых замяніць Мясніковіча на пасадзе кіраўніка ўрада, упэўнены эканаміст Барыс Жаліба.



Барыс Жаліба:На агульным фоне ўсіх астатніх больш сімпатый выклікае Сяргей Румас, які зараз узначальвае Банк развіцця. Ён арыентуецца ў пытаннях рынку, такога рынку, які паказваюць найбольш развітыя краіны”.



І пагаджаецца з тым, што “ідэальны” для нас сёння прэм’ер — які будзе мець права самастойна фармаваць кабінет міністраў, які мае асабісты погляд на тое, як краіне неабходна развівацца, і гэтак далей. Згодна са словамі Барыса Жалібы, такія людзі ў краіне ёсць. Праўда, так і не назваў Еўрарадыё ніводнага прозвішча “свайго” прэм’ера.

Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі