Прыбіральню каля “Макдональдса” акупяць за 398 тысяч наведванняў
Прыбіральню, рамонт якой каштаваў амаль 2 мільярды рублёў, адкрыюць на Дзень перамогі.
““Макдональдс” побач з ГУМам ўздыхне з палёгкай: праз тыдзень пасля капрамонту адкрываецца туалет на вуліцы Леніна”, ― паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва “Мінск-Навіны” яшчэ 15 красавіка.
Але 7 траўня прыбіральня яшчэ не працуе. Унутры праз вакно не бачна рабочых, а дзверы замкнёныя. На што патрацілі 2 мільярды, якія пазначаюцца ў тэндэры на дзяржзакупку рамонту гэтага аб’екта, пакуль не паглядзіш.
“Аб’ект збудаваны, усе працы там выкананыя на 100%. Цяпер вядзецца пераход дакументацыі”, ― тлумачаць Еўрарадыё затрымку на прадпрыемстве “Гардаррамонт”.
А ў кіраўніцтве “Гардаррамонта” удакладняюць: прыбіральню адкрываюць на Дзень перамогі. Падлічваем, каб акупіць рамонт прыбіральні, спатрэбіцца 398 тысяч наведнікаў ― па 5 тысяч за візіт.
Агулам у Мінску цяпер больш за 74 грамадскія прыбіральні, падлічвае дырэктар прадпрыемства “Малыя архітэктурныя формы” Віталь Сульжыцкі.
“У нас на балансе 74 грамадскія прыбіральні. У траўні-чэрвені ў стадыі перадачы яшчэ 6. Два дзясяткі з іх ― модульныя: касір і два аддзяленні. Астатнія ― стацыянарныя”.
Агулам да чэмпіянату рамантавалі каля 2 дзясяткаў прыбіральняў. Некалькі з іх ― капітальна, расказвае Віталь Сульжыцкі:
“Мы па бягучым рамонце адрамантавалі прыбіральню па вуліцы Фрунзэ ў парку Горкага, на вуліцы Казлова, там цалкам мужчынскае аддзяленне, сеткі памянялі. На Талбухіна таксама. Гэта глабальна. А касметычны рамонт яшчэ да 15 аб’ектаў”.
З 5 траўня наведванне прыбіральні каштуе 5 тысяч рублёў. Гэта звязваюць з падаражаннем камунальных плацяжоў. Але, нягледзячы на гэта, прыбіральні не акупляюцца.
Фота - Еўрарадыё