Прыхільнік Лукашэнкі Васкрасенскі адпачывае ў Варшаве
Юры Васкрасенскі каля варшаўскага кафэ Pare Osób / @motolkohelp
21 жніўня ў адной з кавярняў Варшавы заўважаны Юры Васкрасенскі — некалі сябра штаба Віктара Бабарыкі, а цяпер адэпт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша тг-канал "МотолькоПомоги".
У апошнія дні ў Еўропе актыўна абмяркоўваецца магчымасць забароны для расіян і беларусаў атрымліваць шэнгенскія візы.
"Замест таго, каб увесці візавы бан на фігурантаў падзей 2020 года (фальсіфікатараў, суддзяў, сілавікоў, наменклатуру і іншых саўдзельнікаў рэжыму Лукашэнкі) і іх прамых сваякоў — еўрапейскім палітыкам прасцей гучна заяўляць пра візавы бан для ЎСІХ беларусаў", — піша тг-канал.
Днямі Літва заклікала сказаць "выразнае "не" расійскім і беларускім турыстам". Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
Ён таксама заклікаў прыняць рашэнне аб ануляванні "ўжо выдадзеных доўгатэрміновых шматразовых віз, прынамсі, да заканчэння вайны". Пры гэтым еўрапейскія краіны могуць прымаць грамадзян Расіі і Беларусі — але толькі тых, "хто шукае прытулку, а не еўрапейскага адпачынку".
Прапанова забараніць выдачу шэнгенскіх віз расіянам ужо вынесеная на абмеркаванне ў Еўрасаюзе. Не выключана, што гэтая мера можа патрапіць у сёмы пакет еўрапейскіх санкцый супраць РФ. Супраць гэтага рашэння выступае, у прыватнасці, Германія.
Што да Польшчы, то ўлады краіны збіраюцца забараніць выдачу віз расіянам. Пра беларусаў размова пакуль не ішла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.