Прымочка, каб круціць відэа на коле ровара, каштуе ад 300 долараў
Беларусы з брытанскай адукацыяй вынайшлі тэхналогію, каб паказваць рухомыя карцінкі на коле ровара, і адмовіліся ад 146 тысяч долараў. (Фота, відэа).
“Гэта тэхналогія дазваляе з’яўляцца карцінкам на нізкай хуткасці — 7 кіламетраў за гадзіну. Можна рабіць рэкламныя праекты, бачыць карцінку ў добрай якасці”, — тлумачыць адзін з вынаходнікаў Арцём Ставенка.
Англійскія аспіранты, а дагэтуль беларускія выпускнікі БДУ і Акадэміі кіравання Кірыл Чыкеюк і Арцём Ставенка паказваюць, як працуе вынаходніцтва. Запускаецца задняе кола статычна замацаванага ровара — і праз некалькі секундаў на ім пачынаюць з’яўляцца рухомыя карцінкі: бягучы чалавек, спіраль, суніцы. Карцінкі можна атрымоўваць і проста едучы на ровары.
“Падтрымліваюцца ўсе фарматы відэа, якія перадаюцца дзякуючы usb-кабелю, або бесправадным шляхам. Прыстасаванне можа выкарыстоўвацца пры тэмпературы да -10 градусаў”, — тлумачыць Кірыл Чыкеюк.
Вынаходнікі праславіліся пасля шоў на BBC, дзе ўпершыню паказалі прыстасаванне. Тады ж спонсары прапанавалі маладым навукоўцам грошы — амаль 150 тысяч долараў за 40% у іх кампаніі. Але Арцём з Кірылам адмовіліся, каб мець самастойнасць у далейшых даследаваннях, і прывезлі праект у Беларусь.
“У нас былі свае ашчаджанні. А інвестыцый нам прапаноўвалі 90 тысяч фунтаў(146 тысяч долараў). Але мы адмовіліся, бо мы б згубілі сваю незалежнасць, не змаглі б развіваць сваю ідэю. А першы наш уклад у праект быў каля 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Наша краіна зараз развіваецца ў роварным кірунку. Мы б хацелі пачаць нейкі праект пад чэмпіянат свету па хакеі”, — плануе Арцём Ставенка.
Падобныя тэхналогіі ўжо ёсць, прызнаюць вынаходнікі, але іх праект больш дасканалы і дапрацаваны, дадаюць маладыя навкоўцы.
Ровары з відэаколамі да чэмпіянату адразу ўяўляе прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных, які таксама прыйшоў паглядзець на інавацыю.
“Я ўжо ўявіў, як па нашай веладарожцы ездзяць дзясяткі ровараў, якія рэкламуюць чэмпіянат. Гэта будзе арыгінальна. Мяркую, гэта будзе запатрабавана”, — гаворыць Андрэй Савіных і раіць вынаходнікам звярнуцца ў Мінгарвыканкам.
Хлопцы гатовыя працаваць як на дзяржаўных праектах, так і з прыватнымі кампаніямі. Зараз яны працягваюць навучацца ў аспірантуры ў Брытаніі, але далейшая распрацоўка праекта, як і яго вытворчасць, праходзіць у Беларусі. Пакуль набыць такую прымочку на свой ровар і самому паказваць карцінкі нельга, але ў перспектыве гэта мажліва. Зараз, па словах стваральнікаў, яна каштуе ад 300 долараў.
Дэманстрацыя вынаходніцтва
Кірыл Чыкеюк і Арцём Ставенка
Фота - Еўрарадыё
На відэа - дэманстрацыя вынаходніцтва