Пуціну патлумачылі, дзе межы Расіі — #ІхНоравы
"ІхНоравы"
Тэйлар Свіфт прыляцела з Японіі ў ЗША, каб паспець на гульню свайго кавалера Трэвіса Келсі ў Суперкубку і залпам выпіла куфаль піва (не паўтарайце, калі вам няма васямнаццаці!). А ў Рыа пачаўся карнавал. Калі вы думалі, што ў свеце не засталося для вас добрых навін — часцей чытайце нашы агляды.
Карта Мангольскай імперыі
Фаварыт сацсетак сёння — былы мангольскі прэзідэнт Цахіягійн Элбэгдорж. Ён таксама паглядзеў інтэрв'ю Уладзіміра Пуціна для амерыканскага журналіста Такера Карлсана і таксама трошкі... здзівіўся.
Спадар Элбэгдорж вырашыў нагадаць, дзе былі межы Расіі ў часы існавання Мангольскай імперыі. Карта XV стагоддзя ў выкананні манголаў Пуціну наўрад ці спадабаецца (на ўсялякі выпадак былы лідар Манголіі прыклаў яе да свайго твіту).
After Putin’s talk. I found Mongolian historic map. Don’t worry. We are a peaceful and free nation pic.twitter.com/w5c2Hr0cQK
— Mongol Tsakhia ELBEGDORJ (@elbegdorj) February 11, 2024
Але "забіраць сваё" манголы не збіраюцца:
— Не хвалюйцеся, мы мірная і вольная нацыя.
Мы ўжо расказвалі вам, як Пуцін памыліўся на трыста гадоў, спрабуючы апісаць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага (на ўсялякі выпадак прачытайце, каб не блытацца ў беларускай гісторыі, як расійскі прэзідэнт).
Барацьба з карупцыяй
Ёсць адна краіна, у якой доўга-доўга змагаліся з карупцыяй, але так яе і не перамаглі. А вось і не адгадалі — гэта Кітай.
Спачатку з карупцыяй змагаліся пры старшыні Мао. Тады ідэя была такая, што яе можна выкараніць, выхоўваючы любоў да партыі. У наступным перыядзе вырашылі, што людзі перастануць красці, калі даць ім лепшае жыццё.
Зараз барацьба з карупцыяй — фішка кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна. Ляцяць галовы нават высокіх чыноўнікаў — напрыклад, міністра абароны, які яшчэ гэтым летам прыязджаў пабачыцца з Аляксандрам Лукашэнкам.
"Сі, магчыма, параноік у дачыненні да карупцыі на вышэйшым узроўні, але ягоны страх — не трызненне. Карупцыя, якой ён баіцца, безумоўна, рэальная. Але праўда, вядома, і тое, што Сі Цзіньпін выкарыстаў рэпрэсіі для атрымання палітычнай перавагі", — цытуе ВВС кіраўніка аддзела кітаязнаўства ў амерыканскім універсітэце штата Джорджыя Эндру Ведэмана.
А якія яшчэ знакамітыя змагары з карупцыяй прыходзяць вам у галаву? Калі ёсць ідэі, як усё ж яе перамагчы, таксама дзяліцеся.
Зноў суп
Актывісты-эколагі аблілі яшчэ адну карціну супам — гэтым разам дасталася "Вясне" Клода Манэ. Карціна вісела сабе ў музеі прыгожых мастацтваў у Ліёне, але экаактывісты дабраліся і туды.
Манэ напісаў сваю карціну ў канцы XIX стагоддзя — прыблізна тады навукоўцы ўпершыню загаварылі пра тое, што выкіды парніковых газаў могуць паўплываць на наш клімат. Але Манэ наўрад ці здагадваўся тады, што глабальнае пацяпленне закране не толькі нашу агульную, але і яго "Вясну".
ACTION EN COURS - LYON
— Riposte Alimentaire (@riposte_alim) February 10, 2024
Samedi 10 février. 15h30
Deux citoyennes engagées avec la campagne Riposte Alimentaire ont aspergé de soupe le tableau “Le Printemps” de Claude Monet au musée des Beaux-Arts de Lyon #A22Network #Lyon #RiposteAlimentaire [1] pic.twitter.com/EBQPHQexir
Актывістаў арыштавалі. Паліцыянты бязлітасна напісалі ў Твітары: "Ніякая прычына не апраўдвае напад на твор мастацтва, спадчыну французаў".
Два тыдні таму экаактывісты пляснулі супам у "Мону Лізу" Леанарда Да Вінчы.
Танцуй!
Пра добрыя навіны — у Рыа-дэ-Жанэйра пачынаецца карнавал! У нядзелю вечарам шэсць лепшых школ самбы Рыа прайшлі маршам па адмыслова збудаванай для карнавала зоне — Самбадрому Маркіза дэ Сапукаі.
Тэрмінова глядзіце, як гэта было.
Se tem Rio Carnaval, tem arrastão para encerrar o primeiro dia. Abrimos o Grupo Especial do Rio de Janeiro com o pé direito, hein!? #Carnaval pic.twitter.com/WD0FUqmVoW
— Rio Carnaval (@RioCarnaval) February 12, 2024
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.