Пяць гадоў таму ў Кіеве пры абароне Майдана загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі
Пяць гадоў таму ў Кіеве пры абароне Майдана загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі. Ён стаў адной з першых ахвяраў падчас украінскай рэвалюцыі. 22 студзеня 2014-га на вуліцы Грушэўскага было супрацьстаянне паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Дагэтуль невядома, хто зрабіў той стрэл — куля трапіла ў сэрца Жызнеўскага. Ён не дажыў чатыры дні да свайго 26-годдзя.
Сябры Міхаіла Жызнеўскага распавядалі, што ён прыкрываўся драўляным шчытом ад гумовых куляў і раптам упаў. Яны ўпэўненыя, што куля прыляцела з боку сілавікоў. Кіеў развітаўся з беларусам, як з героем. А ў чэрвені 2017-га пасмяротна Міхаіл Жызнеўскі быў уганараваны званнем Героя Украіны. Ён пахаваны ў вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне.