Пётр Парашэнка падпісаў закон аб санкцыях супраць Расіі
Пра гэта паведамляецца на сайце ўкраінскага парламента.
Урадавы законапраект аб санкцыях Вярхоўная Рада прыняла ў першым чытанні 12 жніўня, а канчаткова — 14 жніўня. Прававую аснову для санкцый, згодна з дакументам, складаюць Канстытуцыя Украіны, міжнародныя дамовы Украіны, законы Украіны, нарматыўныя акты прэзідэнта Украіны, Кабінета міністраў, рашэнне СНБА, адпаведныя прынцыпы і нормы міжнароднага права.
Закон прадугледжвае больш за 20 відаў абмежавальных мер, у прыватнасці, спыненне транзіту энэргарэсурсаў. Гэта дазволіць ураду ў бліжэйшы час перадаць на разгляд Савета нацбяспекі і абароны спіс санкцый наконт 172 фізічных і 65 юрыдычных асобаў з Расіі ды шэрагу іншых краін, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію на ўсходзе Украіны. Санкцыі будуць уводзіцца выключна супраць замежных грамадзян, якія маюць дачыненне да парушэння суверэнітэту Украіны, адзначае УНІАН.
Таксама адным з палажэнняў закона прадугледжана забарона на прыватызацыю ўкраінскіх прадпрыемстваў грамадзянамі Расіі.
Фота — УНІАН