Рачкоўскі лічыць, што тэму арыштаванага Беражкова "трэба закрываць"
Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Ігар Рачкоўскі перакананы, што ў справе арыштаванага былога генеральнага менеджара ХК "Дынама-Мінск" Уладзіміра Беражкова "няма ніякай палітыкі". Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ.
Рачкоўскі: "Кропку можа паставіць толькі суд. Тое, што тут няма ніякай палітыкі, ніхто ні каго не хацеў падседзець, я гавару дакладна... Я лічу, што гэтую тэму трэба закрываць для таго, каб усім стала зразумела".
Таксама Рачкоўскі сказаў, што "быў дастаткова сур'ёзны канфлікт паміж галоўным трэнерам і генеральным менеджарам" ХК "Дынама-Мінск", пра што дагэтуль не было вядома.
Як паведамляла Еўрарадыё, былы галоўны рэдактар газеты "Прессбол" і экс-менеджар мінскага "Дынама" Уладзімір Беражкоў знаходзіцца за кратамі са жніўня 2015 года. У яго адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле "крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі". У абарону Беражкова напісалі ліст на імя кіраўніка дзяржавы хакеісты "Дынама".