Расія абмежавала транзіт прадуктаў з Беларусі
Прычына — падазрэнне на кантрабанду з "забароненых" краін.
Расія робіць больш жорсткімі ўмовы транзіту расліннай прадукцыі з Беларусі. Кантроль за ўвозам на расійскую тэрыторыю тавараў уведзены з панядзелка, 24 лістапада. Прычына — падазрэнне на рээкспарт з краін, якія трапілі пад антысанкцыі Расіі.
Як інфармуе РБК, цяпер усе грузавікі, уключна з транзітнымі, будуць правярацца на расійскай мяжы, нават пасля праверак беларускімі мытнікамі. Паведамляецца, што неўзабаве такім жа чынам будзе правярацца і прадукцыя жывёльнага паходжання.
Як адзначае прэс-служба Россельгаснагляду, "маніторынг, які праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў па прадухіленні нелегальных паставак прадукцыі праз Беларусь у абыход уведзеных Расіяй у адказ эканамічных мер, выявіў больш за 11 тысяч тон плодаагародніннай прадукцыі, вырабленай у краінах Еўрасаюза, пастаўленых з Беларусі нібыта ў Казахстан, але якія "затрымаліся" ў Расіі. Гэта колькасць ўяўляе сабой больш за 10% ад агульнага аб'ёму прадукцыі, што перамяшчаецца з тэрыторыі Беларусі".
З "забароненых" краін праз Беларусь увозяцца пераважна гародніна, садавіна, мяса, малочныя прадукты і рыба.
Фота — ria.ru