Расія адклікала амбасадара ў ЗША для кансультацый

Амбасадар Расіі ў ЗША Анатоль Антонаў​ / Reuters
Амбасадар Расіі ў ЗША Анатоль Антонаў​ / Reuters

Пасол Расіі ў Вашынгтоне Анатоль Антонаў запрошаны ў Маскву для кансультацый. Кансультацыі патрэбныя, каб прааналізаваць "што рабіць і куды рухацца ў кантэксце адносін з ЗША", патлумачыла ў спецыяльным каментары афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава.

Па словах Захаравай, Вашынгтон у апошнія гады завёў адносіны ў тупік, і іх цяпер трэба "выпраўляць".

У інтэрв'ю расійскаму тэлебачанню Захарава таксама сказала, што "не ўзгадае", каб калі-небудзь раней пасла РФ у ЗША запрашалі на кансультацыі ў Маскву.

Напярэдадні стала вядома, што Міністэрства гандлю ЗША з 18 сакавіка ўводзіць новыя гандлёвыя абмежаванні супраць Расіі праз атручванне Аляксея Навальнага. На сайце ведамства паведамляецца, што абмежаванні ўводзяцца, каб прадухіліць атрыманне Расеяй доступу да амерыканскіх тэхналогій, "якія могуць быць выкарыстаныя для яе зламыснай дзейнасці ў галіне хімічнай зброі".

Там таксама гаворыцца, што ЗША абмяжоўвае экспарт і рээкспарт у Расею абсталявання, тэхналогій і праграмнага забеспячэння, звязаных з нацыянальнай бяспекай.

Напярэдадні, падчас сустрэчы з журналістамі, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама каментаваў у інтэрв'ю ABC News расійска-амерыканскія адносіны. У прыватнасці, ён пагадзіўся са сцвярджэннем, што Уладзіміра Пуціна можна назваць забойцам, і сказаў, што расійскі бок заплаціць за ўмяшанне ў амерыканскія выбары, калі гэты факт пацвердзіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі