Расія пагражае забараніць рээкспарт садавіны і гародніны з Беларусі

Расія пагражае забараніць рээкспарт садавіны і гародніны з Беларусі

Рассельгаснагляд пагражае забараніць рээкспарт садавіны і гародніны з Беларусі, інфармуе прэс-служба ведамства. 

Гаворка пра гэта ішла 27 сакавіка ў Маскве на сустрэчы кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намеснікам дырэктара дзяржаўнай установы "Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін" Беларусі Аляксандрам Паўловічам.

Па словах Данкверта, у апошнія гады ў Расію часта вязуць плодаагароднінную прадукцыю з беларускімі фітасанітарнымі сертыфікатамі, якія змяшчаюць несапраўдныя звесткі пра краіну яе паходжання.

Рассельгаснагляд неаднаразова звяртаўся да беларускіх калег з просьбай пацвярджаць сапраўднасць такіх сертыфікатаў. А ў 2016-2017 гадах расійскае ведамства правяло праверку такіх паставак і звярнулася да афіцыйных прадстаўнікоў дзясяткаў краін, якія па дакументах нібыта з'яўляліся вытворцамі адпаведнай прадукцыі. Па выніках гэтай праверкі Рассельгаснагляд забараніў увоз садавіны і гародніны з 33 краін Афрыкі і Азіі праз Беларусь, дазволіўшы толькі прамыя пастаўкі. У гэты спіс увайшлі, напрыклад, Індыя, Іарданія, Конга, Мазамбік, Камерун, Нігерыя, Афганістан, Буркіна-Фасо, Бенін, Гвінея-Бісаў, Малі, Уганда, Пакістан, Экватарыяльная Гвінея, Судан, Непал, Мадагаскар ды інш.

"Пры гэтым адразу пасля ўвядзення гэтых мер прадукцыя, нібыта вырабленая ў названых краінах, перастала паступаць на тэрыторыю Расіі", — адзначае прэс-служба Рассельгаснагляду.

Беларускі бок па згаданых фактах расследаванняў не праводзіў.

У сувязі з гэтым расійскія спецыялісты выказваюць недавер да беларускіх рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў. Рассельгаснагляд мяркуе, што адбываюцца пастаўкі прадукцыі з фальсіфікаванымі краінамі паходжання. 

Калі беларускі бок не пачне тэрмінова наводзіць парадак у гэтай сферы, Рассельгаснагляд пагражае забараніць рээкспарт плодаагародніннай прадукцыі з нашай краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі