Расія пакуль не мае намеру перадаваць Беларусі ядзерныя боезарады
Пуцін і Лукашэнка казалі аб магчымым перааснашчэнні беларускіх СУ-25 / aviationphotos.net
Расія пакуль не мае намеру перадаваць Беларусі ядзерныя боезарады, а таксама ствараць на тэрыторыі нашай краіны аб'екты для іх захоўвання. Пра гэта гаворыцца ў адказе МЗС РФ, які атрымала выданне "Коммерсант". Журналісты папрасілі растлумачыць, што мелі на ўвазе Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, калі казалі аб падрыхтоўцы беларускіх лётчыкаў і пераабсталяванні беларускіх самалётаў "для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базавання са спецыяльнай баявой часткай".
"На гэтым этапе гаворка ідзе выключна аб перадачы Рэспубліцы Беларусь комплексаў "Іскандэр-М" падвойнага абсталявання з ракетамі ў звычайным рыштунку, а таксама наданні часткі беларускіх самалётаў Су-25 тэхнічнай магчымасці несці ядзерную зброю", — патлумачылі ў МЗС. І ўдакладнілі, што самі "тэхналогіі па пераабсталяванні самалётаў у носьбіты ядзернай зброі перадаваць не плануецца".
Акрамя таго, цяпер "не мяркуецца ні фізічна абсталёўваць беларускія сістэмы ядзернымі боезарадамі, ні перамяшчаць такія боезарады на беларускую тэрыторыю". Не прадугледжана і стварэнне ў Беларусі аб'ектаў для захоўвання ядзерных боезарадаў. "Яны па-ранейшаму будуць сканцэнтраваны на цэнтральных складах у межах тэрыторыі Расіі", падрыхтоўка беларускіх вайскоўцаў таксама будзе ажыццяўляцца "у расійскіх навучальных цэнтрах па праграмах, якія выключаюць пытанні эксплуатацыі ядзерных боезарадаў", гаворыцца ў адказе расійскага МЗС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.