Расія ў апошні момант сарвала сустрэчу "нармандскай чацвёркі"
Перамовы на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў планаваліся на гэтым тыдні.
На гэтым тыдні Расія сарвала сустрэчу ў нармандскім фармаце на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. На сустрэчы меркавалася абмеркаваць выкананне Мінскіх дамоўленасцяў.
"Расійскія дыпламаты ў заявах СМІ фактычна адмовіліся ў апошні момант, матывуючы тым, што ў іх яшчэ адсутнічае парадак дня для абмеркавання. У нас наадварот — куча пытанняў для абмеркавання. Два расійскія спецназаўцы ў лякарні, расійскі ЗРК "Страла-10" знойдзены місіяй АБСЕ, інтэнсіўнасць абстрэлаў нашых гарадоў вырасла, гінуць мірныя жыхары і вайскоўцы. Хіба гэтага не дастаткова для абмеркавання?" — перадае "Інтэрфакс" словы крыніцы ў МЗС Украіны.
Украінскія дыпламаты нагадваюць: 12 лютага ў Мінску была дасягнутая дамоўленасць, што працэс выканання дамоўленасцей будзе рэгулярна маніторыць "Нармандская чацвёрка".
Раней статс-сакратар, намеснік кіраўніка МЗС РФ Рыгор Карасін заяўляў, што дата і месца правядзення новай сустрэчы "нармандскай чацвёркі" на ўзроўні намеснікаў міністра замежных спраў пакуль не вызначаныя.
У "нармандскую чацвёрку", якая займаецца ўрэгуляваннем сітуацыі на Данбасе, уваходзяць Украіна, Нямеччына, Расія і Францыя.
Фота — 112.ua