Расійскі эксперт па піратэхніцы: да "Пиро-Росс" прэтэнзій быць не павінна

Падрыхтоўка да салюту / "Мінск-Навіны"
Падрыхтоўка да салюту / "Мінск-Навіны"

Міністэрства абароны Беларусі закупляе піратэхніку для салютаў у расійскай кампаніі "Пиро-Росс". Дзяржзакупкі праходзяць без тэндараў — з адной крыніцы. Кіраўнік прэс-службы ваеннага ведамства Уладзімір Макараў тлумачыць гэта тым, што "Пиро-Росс" — адзіная арганізацыя, якая вырабляе феерверкі, прыдатныя да беларускіх армейскіх салютных установак.

Галоўны тэхнолаг Чэбаксарскага вытворчага аб'яднання імя У. І. Чапаева Уладзімір Гінзбург ставіць гэта сцверджанне пад сумненне. Ён тлумачыць, што ўся прафесійная піратэхніка ў Расіі вырабляецца па адзінай дакументацыі, зацверджанай Міністэрствам абароны. Еўрарадыё распытала эксперта пра асаблівасці вытворчасці феерверкаў у Расіі — і пра тое, ці можна ўскласці віну за выбухі, якія адбыліся на салюце ў Мінску, на расійскага пастаўшчыка.

Уладзімір Гінзбург: Феерверкі, якія пастаўляе "Пиро-Росс", ён не сам распрацоўваў. Гэта распрацоўка іншай арганізацыі. І дакументацыя на гэтыя феерверкі належыць [расійскаму] Міністэрству абароны. Я, шчыра кажучы, не ведаю, сам "Пиро-Росс" іх вырабіў ці заказаў якому-небудзь іншаму прадпрыемству. Так ці інакш, зроблена ўсё па адзіных чарцяжах.

Трэба глядзець, якой партыі былі феерверкі. Якой дакументацыяй суправаджаліся. Павінен быць фармуляр на партыю. Там павінен быць подпіс ваеннага прыёмшчыка. Пастаўка ж ішла Міністэрству абароны, а яны прымаюць толькі тое, што прайшло выпрабаванні адпаведна канструктарскай дакументацыі. Тое, што прадстаўніцтва Міністэрства абароны [Расіі] выпрабавала і паставіла свой подпіс. У нас гэта называецца "ваенная прыёмка".

Тое, што ідзе на экспарт, расійскія ваенныя таксама правяраюць. Таму я думаю, што да "Пиро-Росс" прэтэнзій быць не можа. Яны вырабілі самі або заказалі ў кагосьці па дзеючай дакументацыі, выраблялі пад кантролем АТК і "ваеннай прыёмкі". А вось з марцірамі [пускавыя ўстаноўкі салютаў. — Еўрарадыё] пытанне складанейшае. Гэта трэба глядзець іх тэхнічны пашпарт.

Еўрарадыё: Чыста тэхнічна ці могуць у беларускай арміі быць марціры, да якіх падыходзяць толькі адны канкрэтныя зарады?

Уладзімір Гінзбург: Не. "Пиро-Росс" шмат гадоў робіць марціры, разлічаныя на феерверкі, якія выпускаюцца па зацверджанай канструктарскай дакументацыі. А ў нас у Расіі на феерверкі толькі адна зацверджаная дакументацыя. Усе заводы працуюць па ёй. Марціры вырабляюцца пэўнага калібру. Унутраны дыяметр марціры павінен адпавядаць дыяметру шара, які ў яе закладваецца. Вялікі шар у маленькую марціру не засунеш, а маленькі шар у вялікую сэнсу няма — ён нікуды не выйдзе.

І яны ["Пиро-Росс"] альбо самі зрабілі, альбо заказалі ў кагосьці па гэтых чарцяжах. І адпаведна, марціры свае яны распрацавалі пад канкрэтныя гэтыя феерверкі. І пастаўляюць як расійскаму Міністэрству абароны, так і беларускаму.

Яны вельмі шмат іх робяць і пастаўляюць розным арганізацыям, як прыватным, так і вайсковым. Я думаю, там усё нармальна. Ва ўсякім разе, па дакументах. Калі феерверкі выраблены па чарцяжах і пад кантролем ваенных і марціры дакладна гэтаксама зробленыя, то там сумяшчальнасць павінна быць поўная.

Бываюць такія выпадкі, калі "кітаем" [кітайскімі феерверкамі. — Еўрарадыё] страляюць з пластыкавых марцір. Іншы раз маладасведчаныя заказчыкі ўстаўляюць расійскія феерверкі ў пластыкавыя марціры. Яны не вытрымліваюць. Расійскія феерверкі вельмі магутныя, дужыя. Але ў Беларусі быў метал.

Еўрарадыё: А калі б у марцірах "Пиро-Росс" выкарыстоўвалі феерверкі вашай вытворчасці?

Уладзімір Гінзбург: Усё было б нармальна. У нас адны і тыя ж чарцяжы. Але мы ўжо некалькі гадоў не робім феерверкі. Раней рабілі, пастаўлялі, але не наўпрост, а праз пасярэднікаў.

Еўрарадыё: Жанчыну ў Мінску забіла асколкам амаль за паўкіламетра ад выбуху. Што можаце сказаць пра зону бяспекі?

Уладзімір Гінзбург: Пяцьсот метраў гэта вельмі шмат. Але ўсё залежыць ад ветру і калібру. Зона бяспекі для калібру 195 мм і 310 мм аднолькавая. Пры ветры да 5 м/с — 250 метраў, да 10 м/с — 350 метраў, да 15 м/с — 450 метраў. Але гэтая зона бяспекі зададзена для тых умоў, калі марціра знаходзіцца строга вертыкальна. Калі больш за 5 градусаў адхіленні ад вертыкалі, то зону бяспекі ўстанаўлівае вытворца пускавой устаноўкі. Таму што частка калібраў ва ўстановак "Пиро-Росс" мае вуглы нахілу. Праўда, у асноўным гэта датычыцца малых калібраў.

Российский эксперт по пиротехнике: к “Пиро-Россу” претензий быть не должно
Тэхнічныя характарыстыкі феерверачнага комплексу КСУ 2А85

Салютная ўстаноўка КСУ 2А85 вытворчасці "Пиро-Росс" (менавіта такія выкарыстоўваліся ў Мінску) запускае феерверкі калібру 310 мм пад вуглом 90°, а вось калібру 195 — ± 80°. У Мінску 3 ліпеня быў заходні вецер, 4–9 м/с з парывамі да 14 м/с. Зона бяспекі выстаўлялася на 500 метраў. На жаль, гэтага аказалася недастаткова — пасля таго як частка зарадаў выбухнула на зямлі, 10 чалавек атрымалі раненні. 64-гадовай жанчыне, якая прыйшла паглядзець салют на набярэжную Свіслачы, металічны асколак трапіў у сонную артэрыю. Нягледзячы на ​​намаганні медыкаў, выратаваць яе не ўдалося.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі