Расійскі мільярдэр Раман Абрамовіч атрымаў ізраільскі пашпарт

Расійскі мільярдэр Раман Абрамовіч атрымаў ізраільскі пашпарт

Расійскі мільярдэр Раман Абрамовіч атрымаў ізраільскі пашпарт, паведамляе meduza.io са спасылкай на СМІ Ізраіля. 28 траўня ён прыляцеў на сваім самалёце ў Тэль-Авіў. У ізраільскай сталіцы ў прэстыжным раёне Абрамовіч купіў дом, у якім збіраецца жыць. Мяркуецца, што ён будзе самым багатым чалавекам у Ізраілі.

Раману Абрамовічу 51 год. Ён — ураджэнец Саратава. Вядома, што дзядуля і бабуля Абрамовіча (Нахім і Тойбэ Лейбовічы) ў пачатку ХХ стагоддзя жылі ў Беларусі. У 1990-я свой капітал бізнесмен зарабіў на гандлі нафтай і нафтапрадуктамі. Быў губернатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі, кіраваў мясцовай Думай (да 2013-га). У 2003 годзе набыў англійскі футбольны клуб "Чэлсі". Ад таго часу ён жыў у асноўным у Вялікабрытаніі.

Нядаўна стала вядома, што ў Рамана Абрамовіча ўзніклі праблемы з атрыманнем новай брытанскай візы (працэс разгляду яго дакументаў зацягваўся, чаго не было раней). З-за гэтага мільярдэру давялося з'ехаць з гэтай краіны, ён нават не трапіў на фінал Кубка Англіі, у якім гулялі "Чэлсі" і "Манчэстар Юнайтэд". У Абрамовіча была брытанская інвестыцыйная віза. Яе можна атрымаць пасля ўкладання ў эканоміку Вялікабрытаніі не менш 2 млрд фунтаў стэрлінгаў.

Верагодна, на адносіны ўладаў Вялікабрытаніі да Рамана Абрамовіча паўплывала чарговае пагаршэнне расійска-брытанскіх адносін, на гэты раз з-за справы аб атручванні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі