Расійскі віцэ-прэм'ер перадаў Лукашэнку прывітанне ад Пуціна
15 ліпеня кіраўнік Беларусі сустрэўся ў Мінску з Аркадзем Дварковічам.
Нагадаем, напярэдадні з ініцыятывы расійскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева. Яны абмеркавалі "актуальныя пытанні інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, у тым ліку, у кантэксце эканамічных сувязяў з іншымі краінамі".
Высветлілася, што ўчора Лукашэнка і Мядзведзеў абмяркоўвалі і сённяшні візіт Дварковіча. "Мы многае здолелі агаварыць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак не ўдакладніў, што менавіта абмяркоўвалася.
У кароткай інфармацыі БЕЛТА адзначае, што кіраўнік Беларусі на сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам "звярнуў увагу на свае добрыя сяброўскія адносіны з прэм'ер-міністрам Расіі". Аказваецца, Лукашэнка паабяцаў Мядзведзеву, што "калі застануцца якія-небудзь пытанні пасля перамоваў сёння ва ўрадзе, то ён гатовы іх абмяркоўваць". Зноў жа няма інфармацыі, якая тэма гэтых перамоваў.
Аркадзь Дварковіч перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Фота — ria.ru