Рассельгаснагляд за гадзіну змякчыў і ўзмацніў санкцыі супраць малака з Беларусі
Рассельгаснагляд адмяніў агульную забарону на пастаўкі малака налівам і малочнай прадукцыі ў тары аб'ёмам больш за 2,5 л з Беларусі. Пра гэта 7 траўня ў 11.30 паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на прэс-службу расійскага ведамства.
Санкцыі былі ўведзеныя ў чэрвені 2018 года. Пад забарону трапілі пастэрызаванае, стэрылізаванае і ультрапастэрызаванае малако і вяршкі налівам, а таксама сухое малако і вяршкі. Акрамя таго, санкцыі былі ўведзеныя супраць тавараў у тары аб'ёмам больш за 2,5 літра. Цяпер гэтая пастанова адмененая.
Афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду Юлія Мелана падкрэсліла, што працягваюць дзейнічаць санкцыі супраць 29 беларускіх прадпрыемстваў. У іх ліку ААТ "Мілкавіта", Шчучынскі масласыразавод, ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" ды іншыя.
Менш чым праз гадзіну ТАСС зноў са спасылкай на прэс-службу Рассельгаснагляду паведаміла, што ведамства забараняе пастаўкі малака і малочнай прадукцыі налівам з 37 беларускіх прадпрыемстваў. Санкцыі пачынаюць дзейнічаць 8 траўня.
Юлія Мелана патлумачыла, што прадукцыя беларускага боку не адпавядае патрабаванням ЕАЭС, таму Расія імкнецца не дапусціць абарот "няякаснай і небяспечнай беларускай паднагляднай прадукцыі". Абмежаванні будуць дзейнічаць да правядзення інспекцыі.