Ратуючыся ад сабакі, дзяўчынка ў Рэчыцы трапіла пад машыну
У Рэчыцы дзяўчынка трапіла пад машыну, ратуючыся ад валацужнага сабакі. Гэта адбылося раніцай 9 сакавіка, відавочцамі здарэння сталі многія гараджане.
"На дзяўчынку накінулася сабака, яна выскачыла на дарогу, і яе збіла машына, — распавядае ў групе "Рэчыца Аўтадапамога" ў сацсетцы "ВКонтакте" Святлана Горбаль. — Казалі, дзяўчынцы 11 гадоў. [Гэта адбылося] каля 10 гадзін [раніцы]".
Следам за машынай, што зачапіла дзяўчынку, ехаў аўтамабіль таксі.
"Я ехаў ззаду "гольфіка". Дзяўчынка ішла па тратуары. Сабака выскачыла, кінулася на дзяўчынку, — распавядае таксіст. — Дзяўчынка — бліжэй да дарогі, яе "гольфік" зачапіў і адкінуў назад на тратуар. Там сабака брэша. Давялося спыняцца і адбіваць яе ад сабакі".
У Рэчыцкім ДАІ пацвердзілі, што на вуліцы Чапаева аўтамабіль "Фольксваген Гольф" збіў дзяўчынку, якая нечакана выскачыла на праезную частку. На дарозе дзіця апынулася, бо ратавалася ад нападу сабакі.
Пацярпелую школьніцу шпіталізавалі ў траўматалагічнае аддзяленне Рэчыцкай Цэнтральнай раённай бальніцы.