Рэцэпты сыру і дранікаў ад Аляксандра Лукашэнкі (відэа)

Наведваючы 26 красавіка Слаўгарадскі раён, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з мясцовымі рамеснікамі-сыраварамі. Ён падзяліўся з імі сваім рэцэптам вырабу сыру ў хатніх умовах (гл. першае відэа):

"Я ведаю, што такое сыр прыгатаваць. Я ў вёсцы [жыў]. Я ведаю, што такое прыгатаваць сыр. Гэта ж трэба спачатку карову выгадаваць, пасля яе накарміць, а пасля ўжо выціснуць гэта... ў гэтай марлі ці яшчэ дзесьці. У іх, [рамеснікаў], ужо больш сучаснае [абсталяванне]".

Дарэчы, нядаўна ў ЖЖ з'явіўся фотарэпартаж, як беларусы робяць сыр у хатніх умовах.

Лукашэнка не першы раз распавядае пра "свае рэцэпты". Вельмі падрабязна ён гаварыў пра стравы і свае здольнасці ў кулінарыі ў кастрычніку 2010-га ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару газеты "Литовский курьер" Валерыю Траццякову:

"Калі стаў прэзідэнтам, я ўбачыў, як яны гатуюць дранікі і іншае, я ім сказаў: "Не, гэта няправільна, трэба гатаваць вось так". І ўсё гэта паказаў. І з тых часоў ужо больш за 10 гадоў па гэтай методыцы і гатуюць".

У інтэрв'ю Сяргею Дарэнку ў снежні 2011-га кіраўнік дзяржавы развіў гэтую тэму. Дарэнка згадаў смачныя дранікі ў рэзідэнцыі. На гэта Аляксандр Лукашэнка прызнаўся (гл. другое відэа):

"Гэта мой рэцэпт... Я сваіх кухараў, дарэчы, вучыў гатаваць дранікі, таму што дранікі гатавалі, і цяпер сёй-той гатуе, "як сабачы язык". Ведаеце, вось, возьмеш за край драніка рукой, і ён боўтаецца. Так не павінна быць, дранік павінен хрусцець, калі ты яго бярэш, як скарынку хлеба, ён павінен роўненька... быць".

Дарэчы, у інтэрнэце можна знайсці рэцэпт "дранікаў ад Аляксандра Лукашэнкі": бярэм 4-5 бульбін, 1 цыбуліну, 1 яйка, 2 сталовых лыжкі мукі, соль і перац. На дробнай тарцы націраем бульбу і цыбуліну, дадаем яйка, муку, соль, перац. Смажым на алеі. Спажываем са смятанай або часночным соусам.

Таксама Лукашэнка прызнаваўся, што ўдзельнічае ў выпечцы хлеба ў хатніх умовах. Ён можа прагатаваць "просты суп", але рэцэптам яго не падзяліўся. Толькі адзначыў, што можа саліць суп, "як і звычайны кухар", не мераючы соль лыжкамі. Тое самае і з іншымі стравамі.

А два тыдні таму падчас паездкі ў Смалявіцкі раён Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў нашай краіне трэба развіваць сетку беларускай кухні.

Цікава, што ў нью-ёркскім раёне Бруклін у адным з рэстаранаў можна замовіць страву пад назвай "Амлет ад Лукашэнкі" (на здымку).
 

Фота: ria.ru, сайт кіраўніка Беларусі, tut.by, ЖЖ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі