Амбасадар Італіі: Візіт Берлусконі ў Беларусь ў бліжэйшы час малаверагодны

У чацвер Амбасада Італіі ў Беларусі зладзіла святочны прыём з нагоды Дня Рэспублікі. Прыём праходзіў на ўскрайку Мінска ў адным са спартовых клубаў. Павіншаваць італьянскіх дыпламатаў прыйшлі прадстаўнікі амаль усіх амбасад, акрэдытаваных у Беларусі, палітыкі, грамадскія дзеячы.

Афіцыйная частка была вельмі кароткай. З невялікай прамовай выступілі амбасадар Арнальда Абеці. І з некалькімі словамі ў адказ – намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў.

Падчас неафіцыйнай часткі спадар Арнальда Абеці адказаў на пытанні Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Пэўны час таму Аляксандр Лукашэнка пагражаў тым, што з Беларусі будуць высланыя некаторыя дыпламаты краін ЕС з Беларусі. Ці прынялі вы гэтую пагрозу ў свой адрас. Напрыклад, з-за таго, што не ўзялі ўдзел ва ўскладанні вянкоў 9 траўня?

Арнальда Абеці: На ўскладанні вянку 9 траўня амбасадары не прысутнічалі, таму што іх не запрасілі. Прынамсі, пэўную частку дыпламатычнага корпуса. Што тычыцца выказванняў спадара Лукашэнкі, то я, паважаючы яго пасаду, не буду іх каментаваць. У кожным выпадку, калі следам за яго выказваннем будуць прынятыя некаторыя дзеянні, то зразумела, што адказнасць будзе на ім. І ні на кім іншым.

Еўрарадыё: Некалькі дзён таму з’явілася інфармацыя, што ў Беларусь можа прыехаць прэм’ер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі. Праўда, гэтая інфармацыя была абвергнутая, але ці магчымы такі візіт бліжэйшым часам?

Арнальда Абеці: Гэта інфармацыя ўзнікла з-за памылкі адваката Берлусконі. Бо ён назваў Беларусь замест Румыніі, замест Бухарэста. Што ж тычыцца верагоднасці візіту, то я б устрымаўся ад нейкіх прагнозаў. Але не думаю, што ў бліжэйшы час такі візіт магчымы. Неабходна памятаць, што Італія ў любым выпадку сябра і заснавальнік Еўрапейскага саюза.

Еўрарадыё: А як сябра і заснавальнік Еўрапейскага саюза Італія падтрымлівае пазіцыю некаторых краін ЕС, якія выказваюцца за пашырэнне санкцый супраць Беларусі?

Арнальда Абеці: Італія займае вельмі выразную пазіцыю. Часткова гэтаму паспрыяў і я. Я ўпэўнены, што пэўныя рашэнні з’яўляюцца неабходнымі, але дзверы для дыялога павінны заўсёды заставацца адчыненымі. І такім чынам усё, што можа перашкодзіць магчымаму дыялогу Італія пастараецца да апошняга пазбягаць. Тыя рашэнні, якія прымаюцца ў Бруселі, прымаюцца на цэнтральным узроўні Еўрапейскага саюза. Такім чынам, адказнасць будзе на лідарах Італіі, якія павінны будуць у пэўны момант, у залежнасці ад сітуацыя, прымаць пэўныя рашэнні.

Еўрарадыё: Вы працуеце ў Беларусі не вельмі даўно, але ці ўспрымаеце блізка да сэрца тыя падзеі, якія тут адбываліся зусім нядаўна і адбываюцца цяпер?

Арнальда Абеці: Я, як дыпламат, павінен устрымлівацца ад таго, каб выказваць меркаванні пра пэўныя падзеі. Але адну рэч я заўсёды казаў і буду паўтараць – я адчуваю сябе вельмі блізка да Беларусі і да яе народа.

Еўрарадыё: Час ад часу вам даводзіцца сустракацца з беларускімі чыноўнікамі, прадстаўнікамі ўрада. І я ведаю, што вы імкнецеся наладзіць больш цесныя стасункі паміж нашымі краінамі. Што адказваюць нашы чыноўнікі на гэтыя памкненні? Што перашкаджае нашым краінам супрацоўнічаць?

Арнальда Абеці: У мяне былі візіты ветлівасці, якія я наносіў розным прадстаўнікам беларускага ўрада. Падчас іх я заўсёды ясна і выразна паўтараў, што я хацеў бы дзейнічаць такім чынам, каб палепшыць якасць нашых стасункаў. Якія і так нядрэнныя. Але я адзін не змагу гэтага зрабіць. І прынцыповы адказ на мае словы заўсёды станоўчы. Зразумела, што часам прымаюцца іншыя рашэнні, якія не залежаць ад маіх суразмоўцаў. І часта гэтыя рашэнні змяншаюць волю да ўдасканалення тых стасункаў, якія мелі б тэндэнцыю да вырашэння ці больш паскоранага развіцця.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі