Аўтамабілісты абвясцілі акцыю “Стоп бензін” бестэрміновай
Пра гэта Еўрарадыё распавёў каардынатар кампаніі "За аўто" Арцём Шаркоў. Паводле ягоных звестак, падаражэнне паліва чакаецца з дня на дзень
Шаркоў: “Акцыя сапраўды на сёння з’яўляецца бестэрміновай, без ніякіх датаў. І асноўная мэта нашай акцыі -дасягненне нашых патрабаванняў. Гэта значыць, каб нам прадаставілі калькуляцыю фармавання квот і выкананне іншых патрабаванняў, якія былі высунутыя ўмежах нашага звароту да прэзідэнта”.
Еўрарадыё: Акцыі аўтамабілістаў маюць уплыў на улады, ці тыя застаюцца глухімі?
Шаркоў: “Глухімі яны не застаюцца, нас чуюць, нас ведаюць і звяртаюць увагу. Але, з іншага боку, якая рэакцыя… Тут трэба працаваць”.
Еўрарадыё: На тваю думку, калі адбудзецца чарговае павышэнне коштаў на паліва?
Шаркоў: “Магчыма, што гэта будзе і на гэтым тыдні. Людзі чакаюць павышэнняў са дня на дзень, але канкрэтную дату сказаць складана. Можа, чакаецца зніжэнне актыўнасці грамадзян, калі людзі пачнуць раз'язджацца на адпачыныкі і г.д.”.
Еўрарадыё: Кампанія “За Аўто” закліча аўтамабілістаў да ўдзелу ў акцыі?
Шаркоў: “Акцыя, вядома ж, будзе ў першы дзень павышэння коштаў. Як толькі на запраўках зменяцца цэтлікі – тут жа будзе ладзіцца акцыя”.
Фота: gazetaby.com