Беларускія стаматолагі едуць на працу ў… Карэлію
А мы спакушаем замежных медыкаў ільготамі, каб прыязджалі на працу ў Беларусь.
“Недахоп кадраў ёсць паўсюль. Людзей цягне ў Мінск, у абласныя цэнтры. Адпрацоўваюць два гады і… з’язджаюць. Цяпер трэба шмат спецыялістаў: хірургі, анестэзіёлагі, эндакрынолаг, кардыёлаг”, — расказваюць у Жыткавіцкай раённай цэнтральнай бальніцы.
І ганарацца, што малады неўролаг у бальніцы зарабляе... каля 4 мільёнаў рублёў. Участковым плацяць менш… Што там Жыткавічы! Маладыя лекары бягуць нават з працы ў сталіцы. У 16-й мінскай паліклініцы на сайце больш за дзесяць вакансій.
“Адток кадраў ідзе, бо невялікія заробкі і вялікая нагрузка. Маладыя спецыялісты праходзяць інтэрнатуру і сыходзяць. Шукаюць больш прыбытковую працу. А некаторыя адразу ў дэкрэт выходзяць, нават не прыходзяць на працу”, — расказваюць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў гэтай паліклінікі.
Не дзіўна: мяркуючы па абвестках у інтэрнэце, медыкам абяцаюць ад 2 да 3,5 мільёна, у залежнасці ад спецыяльнасці. Міністэрства аховы здароўя вырашае праблему па-свойму: спакушаюць ільготамі... замежных спецыялістаў.
"Мы спрасцілі пэўныя адміністратыўныя працэдуры іміграцыі кадравых рэсурсаў, не звязаных з кваліфікацыяй медыцынскага персаналу. У першую чаргу скасавалі абавязковае атрыманне грамадзянства і віду на жыхарства, каб займацца медыцынскай дзейнасцю", — цытуе БелТА начальніка ўпраўлення кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Сяргея Сычыка.
І сапраўды, у 16-й паліклініцы прыгадваюць аднаго іранца, які працаваў уролагам — праўда, вельмі даўно. Цяпер уролага ў паліклініцы няма. У іншых чатырох бальніцах і пяці паліклініках, куды звярнулася Еўрарадыё, замежнікі не працуюць. Стаматолаг Кацярына засталася пасля адпрацоўкі ў дзяржаўнай мінскай стаматалагічнай паліклініцы. З другой катэгорыяй мае ў месяц... 1,4 мільёна рублёў.
“Прымаю па 36 чалавек за дзень. За мінулы месяц заплацілі 1,4 мільёна. Гэта яшчэ з улікам прэміі ў 300 тысяч”, — расказвае Кацярына.
Еўрарадыё знаходзіць стаматолага з Беларусі, які працуе ў … Карэліі. Цяпер Антон жыве ў расійскім горадзе Сартавале, працуе ў прыватнай стаматалогіі.
Антон: “Вялікая розніца ў аплаце. Заробак нашмат вышэйшы. Вырашыў з’ехаць, бо хочацца не выжываць, а жыць”.
Заробак агучыць хлопец не можа, бо на новай працы даў падпіску. У Сартавале Антону далі жыллё ад кампаніі. Прыгадвае, што з яго выпуску на працу ў Расію з’ехала яшчэ некалькі чалавек.
Фота: vmdaily.ru