Будзімір: Я адчуваю пэўную віну, што спыніў галадоўку

Нагадаем, што Будзімір галадаў 19 дзён. Ёўрарадыё пацікавілася, як пачуваецца галадоўнік пасля такога тэрміну.

Будзімір: “Адчуваю сябе слаба. Галадоўка, вядома, далася цяжка і фактычна з галадоўкі я не выходзіў яшчэ. Слабасць адчуў яшчэ ўчора, у лепшы бок нічога не змянілася. Адчуваю пэўную частку віны за тое што, так выйшла. Канешне, спыненне дадаткова дыскрэдытуе галадоўку. Але тыя, хто якраз мне казаў, што яе трэба трымаць да канца, не спыняць яе, каб не дыскрэдытаваць яе, вось яны нічога не зрабілі, ніякіх салідарных дзеянняў, каб мне дапамагчы”.

У блогу Будзіміра шмат пазітыўных каментароў наконт спынення галадоўкі. Але сам ён заяўляе, што вялікая частка знаёмых адпачатку казала, што гэта бессэнсоўныя або небяспечныя дзеянні.

Сам блогер кажа, што яшчэ не гатовы да таго, каб зрабіць нейкія высновы з галадоўкі.

Будзімір: “Нейкіх агульных высноваў – не. У мяне яшчэ ідзе гэты працэс аэнсавання. Мажліва, яны наперадзе. Адна з апошніх кропляў, якая паўплывала на маё рашэнне, было шашлык-паці, зладжанае вялікай групай блогераў, сярод якіх шмат маіх знаёмых. І ўсе яны ведалі пра тое, што я трымаю галадоўку. А я ведаў пра гэтую шашлык-паці. І я падумаў, калі самае блізкае маё атачэнне рэагуе на маю галадоўку так, то што тады чакаць ад астатняга грамадства, якое пра галадоўку гэтую і не чула?”

Разам з тым, Будзімір не лічыць галадоўку дарэмнай.

Будзімір: “Не ўсе абыякавыя, гэта зусім не так. Тут нават гаворка пра негатоўнасць да дзеянняў. Людзі, якія радыкальна могуць выказвацца ў сеціве, аказваецца, у рэале нічога рабіць не збіраюцца”.

Эстафетная галадоўка, якая пачалася пасля Будзіміра, павінна ўзняць інфармацыйную хвалю вакол беларускіх палітвязняў. Гэта не інструмент ціску на ўлады, адзначае блогер. Але важна, каб людзі вакол нас не забываліся на палітвязняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі