Часткі Расонскага ідала завезлі ў Нямеччыну

Нямецкія навукоўцы дапамагаюць вызначыць узрост драўлянага ідала, які ўлетку быў знойдзены ў Расонскім раёне. Нагадаем, тады мінскія дайверы разам з полацкімі археолагамі паднялі з рэчкі Дрыса драўляную фігуру, якой, як меркавалася, каля тысячы гадоў. Ідала прывезлі ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, а навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі на працягу месяца збіраліся вызначыць узрост самога дуба.

Аднак у выніку спатрэбілася дапамога замежных спецыялістаў. Эксперыментальныя матэрыялы ў Нямеччыну завёз дэндрахранолаг Максім Ярмохін. Пра гэта Еўрарадыё расказала загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Вольга Ляўко:

“Ён павёз свае эксперыментальныя матэр’ялы ў Нямеччыну для таго, каб там яшчэ раз іх праверыць. Таму ніякай новай інфармацыі ў мяне няма. Я чакаю пісьмовых заключэнняў”.

Максім Ярмохін выказаў спадзяванне, што нямецкія навукоўцы дапамогуць больш дакладна вызначыць узрост ідала, які можа быць нават старэйшы за 9-е стагоддзе.

Максім Ярмохін: “Можа быць, яны дапамогуць з даціроўкай. Паглядзім, што атрымаецца... Ён можа быць як ад сённяшніх гадоў, так і да 9-га стагоддзя… Магчыма, нават, і раней. Дзесьці там ён знаходзіцца. Але дзе — пакуль казаць рана”.

Фота — tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі