Дашкевіча і Лобава вінавацяць у "хуліганстве", а распытваюць пра "палітыку"

Дашкевіч і Лобаў не давяраюць беларускаму правасуддзю. З такой заявы распачаўся працэс у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Пры гэтым Дашкевіч падкрэсліў, што да асобы Алены Шылько прэтэнзій не мае. Аднак, на яго думку, "кожны чалавек у гэтай сістэме ставіцца перад выбарам — ці выконваць яму злачынныя загады", перадае БелаПАН.

19.40 Суд працягнецца заўтра, 23 сакавіка. Пачатак паседжання а 10-ай гадзіне.

18.40 Пачынаецца допыт сьведкаў. Першы — Мілінец Юры, 1968 году нараджэння, камандзір узводу спэцназу МУС.

Мілінец кажа, што 18 снежня ён патруляваў у Маскоўскім раёне. Дзяжурны па РУУС перадаў ягонаму нараду пра бойку. Прыехалі на месца на машыне і затрымалі ўсіх. «Я ўбачыў на снезе сляды крыві і побач убачыў мэталічны прадмет, падобны да манціроўкі». Мілінец кажа, што ў Савіцкага была разбітая галава і цякла кроў, яму выклікалі «хуткую».

«Твар у Савіцкага быў заліты крывёю. Цяжка было зразумець, хто вінаваты, з-за чаго адбылася бойка. З-за чаго канфлікт здарыўся, нам не было ясна».

Кажа, што прыехалі на месца здарэньня праз 5 хвілінаў пасля выкліку на службовым Фольксвагене-транспарцёры.

Адвакат пытаецца: Чаму пасля інцыдэнту затрыманага Савіцкага з РУУС у шпіталь везлі без аховы? Міліцыянт Мілінец ня можа адказаць на гэтае пытаньне.

Адвакат Мар’яна Сямешка знайшла супярэчанні ў паказаннях Мілінца на папярэднім следстве і на судзе. Судзя зачытвае ранейшыя паказанні.

Сведка кажа, што ўжо на месцы здарэння яны выявілі ініцыятараў бойкі і пацярпелых.

18:39 Пачынаецца допыт сведкаў. Суддзя адмаўляецца зрабіць перапынак.

18:35 Мар’яна Сямешка кажа, што ёсць шэраг несупадзенняў у пратаколах папярэдняга допыту і паказаннях на судзе.

Яна просіць зачытаць пратаколы допытаў. Цікава, што ў Савіцкага і Малышава абсалютна аднолькавыя пратаколы допытаў. У іх шмат юрыдычных тэрмінаў. Гэта выклікае сумнеў, што ў абодвух «пацярпелых» толькі сярэдняя адукацыя.

18:12 Савіцкі дабраўся да вуліцы Брыля таксама на папутцы, як і Малышаў. Толькі Малышаў заплаціў за «папутку» 7 тысяч, а Савіцкі — 25.

Савіцкі гаворыць, што швы яму не накладвалі, бо «гэта нефотагенічна», таму яму наклалі пластыр.

«Пацярпелы» кажа, што ніколі не працаваў. «А дзе вы бярэце грошы на кафэ?» «Бог дае», — прагучаў голас з-за сценкі.

17:54 Мар’яна Сямешка пытаецца, які рост у Савіцкага. «Сярэдні», — адказаў ён. Ці шмат часу прайшло ад таго, калі Лобаў нацягнуў яму шапку да ўдару. «Нямнога, ён жа дэсантнік», — адказаў Савіцкі.

17:30 Канстанцін Савіцкі, 1979 года нараджэння. Нарадзіўся ў Самары (Расія). Адукацыя — сярэдняя, не працуе.

Яны сустрэліся з Малышавым на вуліцы Брыля «абсалютна выпадкова». Потым яны вырашылі паехаць у цэнтр горада. І папыталіся ў хлопцаў, як прайсці да прыпынку. Пасля пытання пра цыгарэты «Дашкевіч беспрычынна нанёс удар Алегу ў жывот».

Савіцкі піхнуў Дашкевіча ўбок. Савіцкі пабачыў, што Лобаў хоча ўдарыць яго. Але «пацярпелы» ўвярнуўся. Але Лобаў усё ж змог нацягнуць шапку на вочы Савіцкаму і нанёс моцны ўдар.

Потым Савіцкі пабачыў фомку ў руках Лобава. Савіцкі і Лобаў пачалі змагацца.

«Міліцыя прыехала хутка. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сеў мне на хрыбетнік, мне было вельмі балюча. Але ніхто мяне не чуў. Мне адзявалі кайданкі. У пастарунку я стаў кепска сябе адчуваць, папрасіць, каб выклікалі хуткую дапамогу. Але дактары сказалі, што траўмы нямоцныя», — расказвае Савіцкі.

17:23 Малышаў не бачыў, хто адвёз манціроўку ў міліцыю. Кажа, што бачыў пашкоджанні ў Савіцкага. Якога тыпа яны былі? «Рассячэнне», — упэўнена адказаў ён.

Пацярпелы кажа, што міліцыя скруціла яму рукі і пасадзілі ў аўтобус. Не давалі там перамаўляцца. Малышаў не ведае, хто выклікаў міліцыю.

Дашкевіч папярэдзіў Малышава аб ілжэпаказаннях, што ён можа апынуцца ў турме за гэта. «У турме асабліва ў кошце сала, часнык, гарбата. Збірайце ўжо торбу ў турму», — сказаў Дашкевіч.

17:00 Малышаў кажа, што ў пастарунку ў Дашкевіча знайшлі нейкія «пракламацыі». «Тады я зразумеў, што гэта нейкія палітычныя людзі».

Пацярпелы сцвярджае, што былі ўдвух з Савіцкім, больш нікога не было. Малышаў: «Мне здаецца, што абвінавачаныя хочуць зрабіць сябе нявіннымі ахвярамі, улічваючы кім яны з’яўляюцца».

Цяпер пацярпелага дапытвае Мар’яна Сямешка. Малышаў відавочна нервуецца. Пытаецца, ці маюць гэтыя пытанні дачынення да следства.

16:50 Допыт пацярпелых. Першага Малышава Алега, 1981 года. Часова непрацуючы, мае сярэднюю адукацыю. Жыве ў пасёлку Лясным Мінскі раён.

Кажа, што ніколі раней не бачыў і не ведаў абвінавачаных. Пачуцця крыўды на іх не мае.

Малашаў кажа, што вырашыў сустрэцца з сваім сябрам Савіцкім. Зайсці ў якую кавярню. «Я на той момант быў цвярозы».

Вырашылі папытацца ў мінакоў, дзе прыпынак. Цяпер ён ведае, што пытаўся ў Дашкевіча. Зміцер адказаў, што не ведае. Савіцкі ж папытаўся пра цыгарэты.

Дашкевіч пасля гэтага нібыта нанёс удар Малышаву.

Тады Савіцкі прыйшоў на дапамогу. Малышаў гаворыць «мы схапіліся з Дашкевічам у барацьбе».

А Лобаў нібыта ў гэты час спрабаваў нанесці ўдар Савіцкаму.

16:42 Канстанцін Савіцкі пытаецца, каму належала фомка. Лобаў кажа, што яму.

«Навошта ён нёс з сабой фомку», — пытаецца Савіцкі. «Мне трэба было дома правесці рамонтныя работы», — адказвае Эдуард.

На пытанне пра неабходнасць даставаць фомку, Лобаў кажа, што так абараняўся.


16:35 Лобаў гаворыць, што нікому ўдараў не наносіў. «Я зрабіў тры-пяць крокаў назад, дастаў фомку, і прыгразіў, калі Савіцкі не адыдзе, то нанясе ўдар. Але Савіцкі схапіў яго за руку. Фомка выпала. Мае дзеянні былі выключна абарончыя».

Эдуард гаворыць, што Савіцкі ўдарам рассёк яму губу. На Савіцкім была цёмная вопратка.

Савіцкі паваліў Лобава, пасля чаго ўтрымліваў. Калі падышоў Малышаў, то нацягнуў яму шапку на вочы, каб нічога не бачыў.

Лобаў таксама не чуў, як нехта выклікаў міліцыю.

16:11 Паказанні Лобава.

«А вы таксама палітычны?» — не спыняецца пракурор.

«Я старшыня мінскай арганізацыі Маладога фронта».

Словы Лобава адпавядаюць таму, што гаварыў Дашкевіч.

Лобаў кажа, што яго ўдарыў Савіцкі ў губу. Потым хлопец дастаў фомку, каб аказаць на нападнікаў «псіхалагічна». Але на Савіцкага гэта не падзейнічала.

Ён усё адно напаў на Лобава. Яму атрымалася выбіць фомку, а потым заламаць Лобаву рукі.

16:08 «Вы палітыкай займаецеся?» — пытаецца пракурор.

«Так, Малады фронт», — адказаў Зміцер.

«А яна рэгістрацыю ў Беларусі мае?»

«Не».

Пацярпелыя» пытанняў да Дашкевіча не маюць. Зараз пачынаюць дапытваць Лобава.

16:04 Па словах Дашкевіча, яго затрымаў адзін з пацярпелых. Заламаў руку.

Са сведкаў Дашкевіч кажа, што да іх падыходзіў адзін мужчына. «Мне спачатку здавалася, што гэта яшчэ адзін».

Зміцер папрасіў выклікаць міліцыю. Але «пацярпелыя» зазначылі, што міліцыю ўжо выклікалі.

«Я ўжо потым пабачыў, што Лазару пашкодзілі нагу. Калі прыехаў спецназ, то ён ляжаў на снезе і не мог падняцца».

15:52 Зміцер кажа, што яго паклалі тварам у снег, таму ён не мог бачыць, што адбываецца вакол. Невядома нават, хто выклікаў міліцыю. Аўтбус прыехаў праз 3–5 хвілінаў.

Дашкевіч гаворыць, што ў пастарунку ў яго нават ніхто не браў тлумачэнняў. Яго адразу адвезлі ў СІЗА. І толькі на трэція суткі з ім адбылася гутарка.

Дашкевіч не даваў паказанні ў ходзе папярэдняга следства.

Пры сабе ў старшыні МФ быў заплечнік, ноўтбук, спальнік. Дашкевіч кажа, што напярэдадні выбараў не знаходзіўся дома, бо асцерагаўся затрымання.

15:42. Вырашана спачатку дапытаць абвінавачаных. Дашкевіч кажа, што 18 сакавіка знаходзіўся ў дварах дамоў па вуліцы Янкі Брыля. Разам з Дашкевічам быў Эдуард Лобаў і Дзяніс Лазар.

Дашкевіч гаворыць, што на іх напала група лікам пяці чалавек. Савіцкі і Малышаў былі ў гэтай групе. “Адзін з іх папрасіў у мяне закурыць, другі запытаў нумар дома”, – кажа Дашкевіч.

Хлопец гаворыць, што не паспеў адказаць на пытанне, як на яго накінуліся з крыкам: “Міліцыя, б’юць!”. Што адбывалася потым Дашкевіч не бачыў.

Пад’ехаў аўтобус са спецназам,якія “хутка разабраліся, хто вінаватыя, а хто – не”.

Абвінавачаны кажа, што за ім сачылі ад самай раніцы 18 снежня. І ў яго было прадчуванне нечага нядобрага.

Дашкевіч кажа, што заўважыў гэтую групу людзей яшчэ метраў за пяцьдзесят да таго, як яны падышлі да іх.

Дашкевіч сапраўды прызнае, што ў Эдуарда Лобава з сабой была фомка (маленькі лом). Дашкевіч гэта тлумачыць тым, што Лобаў дэсантнік.



15:27. Дзяржаўны абвінаваўца Мазоўка агувае абвінавачванне Дашкевічу і Лобаву.

Дашкевіч нібыта нанёс Малышаву не менш аднаго ўдару рукой, Савіцкаму — не менш аднаго рукой, адзін металічным прадметам. Тое самае па Лобаву.

Ім інкрымінуюць артыкул 339 «Асабліва злоснае хуліганства».

Абодва абвінавачаныя не прызнаюць сваю віну.



15:23. Суддзя адхіліла хадайніцтва Дашкевіча і Лобава. Пацярпелых так ніхто і не пабачыць. Суд працягваецца.

Суддзя выйшла ў дарадчы пакой для вынясення рашэння па хадайніцтве.

Вярнуўшыся у 14.45 у залу суда, яна зачытала рашэнне: адвод суддзі адхіліць.

Адхіліла суддзя Шылько і хадайніцтва Дашкевіча скончыць працэс за адзін дзень.

 

Каля будынку суда малдафронтаўцы разгарнулі расцяжку "Свабоду Дашкевічу". Аднак літаральна праз некалькі секундаў супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі акцыю. Удзельнікаў акцыі затрымалі.

14.54 Аб'яўлены чарговы перапынак у працэсе. Гэтым разам суддзя выходзіць дзеля прыняцця рашэння па хадайніцтве Дашкевіча і адвакатаў адмяніць абарончыя меры да пацярпелых і апытваць іх адкрыта.

Дасюль пацярпелыя Малышаў і Савіцкі знаходзяцца ў ізаляваным пакоі, удзельнікі працэсу іх не бачаць.

Бацька Дашкевіча (злева) і маці Лобава

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі