Дэльфін перастаў спавядацца і пачаў шаманіць
Музыка прывёз у Мінск свой новы альбом “Существо”.
Падчас канцэрту у мінскім Re:public Дэльфін яшчэ раз пацвердзіў, што ён самы нелюдзімы і пахмурны выканаўца на расійскай альтэрнатыўнай сцэне. Гэтым разам музыка не толькі вымавіў паміж песнямі ўсяго два словы – прывітаў сваю публіку – але і паклапаціўся пра тое, каб яго на сцэне ніхто не бачыў. Святло было выключанае, і фанаты гурта маглі бачыць толькі сілуэты музыкаў у рэдкіх прамянях каляровых ліхтароў, ды адмысловы відэаарт з рознымі эзатэрычнымі сімваламі.
Што да новага альбома “Существо”, які музыка прэзентаваў… нават у параўнанні з папярэдняй “Юностью” на ім паболела электронных забабонаў. На першых песнях нават вострыя філасофскія тэксты Дэльфіна, якія некалі прынеслі яму шалёную папулярнасць, патанулі ў замагільных гуках. Але праз колькі кампазіцый усе прызвычаіліся і стала бачна, што публіка за паўгода падрыхтавалася да сустрэчы новага альбома – тэксты паўтаралі, бы малітвы.
А вось людзей непадрыхтаваных чакала расчараванне. Са старых песень былі выкананыя хіба толькі “Я здесь, ты там”, “Сумерки” і “Это не я”, падчас якіх публіка відавочна ажыўлялася і нават спрабавала скакаць.
Увогуле, канцэрт быў больш падобны на шаманскі абрад: былыя тэксты-споведзі ў песнях Дэльфіна, здаецца, канчаткова змяніліся на мастацкія вобразы і барабанныя рытмы. Зала то суцішалася, бы слухаючы стук сэрца і дыханне барабанаў, то пачынала біцца ў агоніі разам з ценем музыкі, які шалёна лупіў па талерках і танцаваў за ўстаноўкай.
Канцэрт скончыўся вельмі нечакана – музыкі проста зніклі па адным са сцэны. Пабачыўшы гэта, публіка не стала чакаць бісаў. Літаральна праз хвіліну ў гардэробе ўжо спрытна разбіралі вопратку, а ў зале застаўся тузін самых адданых фанатаў, якія спрабавалі хоць праз тэхнікаў перадаць дыскі на подпіс куміру. Але той зачыніўся ў грымёрцы і не стаў размаўляць ні з публікай, ні з журналістамі.
Усім зацікаўленым Андрэй праз арганізатараў канцэрта перадаў, што погляды яго не змяніліся і ўсё, што ён хацеў бы сказаць гэтаму свету, ён кажа ў сваіх кампазіцыях.
Дзіўна, але публіка да такіх паводзінаў музыкі даўно прызвычаілася. Сыходзячы з залы, фанаты Дэльфіна прызнаваліся, што нічога іншага ад куміра яны і не чакалі:
“Гэта, пэўна, фішка Дэльфіна, вось і усё. Ён павітаўся, зрабіў сваю справу, адпеў і сышоў. Мы, напэўна, прызвычаіліся бачыць яго менавіта такім. У гэтым увесь Дэльфін”.
І нават тое, што музыка не выйшаў на біс прыхільніц яго творчасці не пакрыўдзіла:
“Гэта цалкам нармальная рэакцыя, улічваючы нашых людзей, ды і ўвогуле людзей. Я б таксама не выйшла. Тут натоўп такі непрыстойны, некультурны. І ўвогуле, трэба прытрымлівацца графіку”.