Фота хадайніцтва аб памілаванні Саннікава абвяргае словы Уладзіміра Макея
Тэлеканал АНТ паказаў паперу з хаданіцтвам Саннікава, у якім ён не прызнае сваёй віны.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заяўляе, што ў хадайніцтве аб памілаванні сваёй віны не прызнаў. І цытуе тэкст хадайніцтва цалкам: “Прашу праявіць гуманнасць і памілаваць мяне. У здзейсненым раскайваюся”.
Аднак кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей пярэчыць гэтаму, гаворачы ў інтэрв'ю агенцтву БелТА, што сваю віну прызналі ўсе памілаваныя палітвязні. “Ніякай рэабілітацыі па еўрасаюзаўскім загадзе таксама не будзе. Гэта ўсё павінны выдатна разумець. Але нават тыя ж самыя адпушчаныя былыя зняволеныя ў сваіх хадайніцтвах чорным па белым напісалі аб прызнанні сваёй віны і аб раскаянні”.
Супярэчнасць, што ўзнікла паміж Саннікавым і Макеям, нечакана высвятляе дзяржаўны тэлеканал АНТ, паказваючы у навінах рукапісны тэкст хадайніцтва Андрэя Саннікава. Ён цалкам супадае з агучаным былым палітвязнем на прэс-канферэнцыі. То бок згадак аб прызнанні віны там няма.