Героі адбору “Еўрабачання”: прадавачка, пенсіянерка, фанаты Gogol Bordello

121031_sverdlov_otbor.mp3

Адбор “Еўрабачання” праходзіць у былым доме піянераў. Да мінскай кальцавой метраў трыста… У вялікай актавай зале халодна і не шматлюдна. На галёрцы засядае журы, партэр аддадзены гледачам і журналістам. Дазволена ўсё: хочаш — у грымёрку да музыкаў ідзі, хочаш — злаві за гузік Аляксандра Ціхановіча

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ўвесь час заклікае падтрымліваць артыстаў. Яны ж такія баязлівыя! Але Еўрарадыё не заўважае, каб у каго-небудзь дрыжэў голас і падгіналіся каленкі. Ксенія Дук з Наваполацка выходзіць да журы са слабенькай песняй а-ля еўрадыска 80-х. Але галоўку трымае!

duk_pesnia.mp3

Журы

Не займаць упэўненасці і Ніне Кавалёвай. Пенсіянерка вырашыла паўдзельнічаць у адборы “Еўрабачання”, каб “паспрачацца з маладымі”. Але да легендарнай 47-гадовай шатландкі Сьюзан Бойл, якая дайшла да фіналу шоў Britain’s Got Talent, Ніне Кавалёвай далёка. З такой песняй можна было б выйсці на “Еўрабачанне-1960”, калі б конкурс тады існаваў!

 

kavaliova_0.mp3

“Ніякіх прарываў не бачна ўвогуле. Хто ўмее спяваць, той добра і заспяваў. І колькі б ні крычалі і ні шумелі нашы маладыя выканаўцы: давайце нам дарогу, мы зараз усіх разарвем — нікога яны не разарвалі і не разарвуць. І больш за тое: у бліжэйшыя гады не разарвуць не толькі “Еўрабачанне”, але і сваю краіну”, — скардзіцца сябра журы, прадзюсар Уладзімір Максімкоў. І дадае, што Ніну Кавалёву ён узяў бы ў фінал нацыянальнага адбору, бо такія нумары прыцягваюць да канцэртаў увагу і выклікаюць шматлікія абмеркаванні.

Драйвовую песню цалкам у фармаце “Еўрабачання” паказала Алена Ланская. Мяркуем, спявачка дакладна пройдзе ў фінал:

lanskaya_song.mp3

А вось хто падраў усіх на адборы, дык гэта гурт Beaver Band. Хлопцы таксама ва ўзросце, але зладзілі на сцэне трэш са скокамі ў лепшых традыцыях Gogol Bordello!

beaver_band_song.mp3

“Проста нам падабаюцца такія напрамкі, як Ігар Сукачоў, Gogol Bordello, Брэгавіч. Гэты стыль музычны, — распавядаюць Еўрарадыё музыкі Beaver Band. — Хочацца, каб і на нашай эстрадзе было нешта падобнае. Надаць жывой плыні! А ментальнасць… Ну яна і ёсць ментальнасць, але трэба ўсё ж такі разварушвацца!”

Дыяна Марыя


Уладзімір Максімкоў кажа, што беларусы дагэтуль не вызначыліся, чаго хочуць ад “Еўрабачання”. Гэтым і тлумачыцца такі стылявы роскід артыстаў на праслухоўванні.

Уладзімір Максімкоў: “Дагэтуль дакладна не сфармулявана задача. Навошта мы на “Еўрабачанне” ездзім? Калі перамагчы — гэта адзін інструмент рашэння. Спазіцыянаваць краіну — другі. Проста паказацца — трэці. Пабалдзець — чацверты”.

Nuteki

Пад “нешчаслівым” №13 на сцэну выходзіць Паліна Прыха з Баранавічаў:

“Мая песня называецца “Ты со мной”. Я прысвяціла яе свайму маладому чалавеку. Спадзяюся, вам спадабаецца!”

“А ён тут, у зале?” — пытаецца нехта з сябраў журы.

“Не, але наступным разам я яго абавязкова паклічу!” — не губляецца дзяўчына.

“А няхай Сяргей Кухто яго ролю выканае!” — падколвае калегу-прадзюсара Уладзімір Максімкоў.

“У мяне… касцюма няма!” — выходзіць са становішча Кухто.

Паліна Прыха

Пасля выступу лаўлю Паліну ў мікс-зоне. Яе сапраўднае прозвішча — Прыходзька. Нядаўна яна пераехала ў Мінск і працуе ў сталіцы… прадавачкай!

Паліна Прыха: “Я працую ў харчовай краме. Ну там усё разам, звычайная прадуктовая крама: сыркі, марозіва”.

Тут як тут журналісты беларускага тэлебачання. Яны просяць дзяўчыну экспромтам заспяваць яшчэ што-небудзь. Яна спявае… “Катюшу”!

katiusza.mp3

У перапынку спыняю на пару словаў Аляксандра Ціхановіча. Сёлета ён ужо не кіраўнік нацыянальнага адбору, а шараговы сябра журы. Сядзіць у самым цёмным куточку, побач з былым калегам па “Верасах” Васілём Раінчыкам.

“Парадавала, што ёсць людзі, якія разумеюць, куды яны прыйшлі, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Рыгоравіч. — Песні адпавядаюць фармату. І выглядаюць яны годна. Але ёсць людзі, якія ўвогуле не разумеюць, куды яны пайшлі, навошта падалі заяўкі і што ўвогуле тут робяць. І навошта яны займаюць час журы і тых выканаўцаў, якія хаця б уважліва прачыталі палажэнне конкурсу”.

Часу ў журы сапраўды вельмі мала. За дзень трэба адслухаць 55 песень. На кожнага канкурсанта — 3 хвіліны. Сапраўдны музычны канвеер!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі